Ушанаваньне памяці
пачалося каля часовага крыжа ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну, які
быў усталяваны летась.
Уладзімер Раманоўскі патлумачыў:
“Мы былі
тыдзень таму ў скульптара і мастака Матусевіча, які падрыхтаваў вялікі
крыж Эўфрасіньні Полацкай з аздобай. Мы мяркуем, што ўвесну гэты крыж
будзе тут усталяваны. Гэта месца па ініцыятыве таварыства аховы
помнікаў гісторыі і культуры было вызначана як месца памяці тут,
у Курапатах, Слуцкага паўстаньня”.
Старшыня мэмарыяльнай сэкцыі
таварыства аховы помнікаў Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што 27 лістапада
1920 года — адна з самых вялікіх датаў для ўсіх беларусаў.
“Бальшыня
тых, хто паўстаў, каб жыла Беларусь, былі сяляне. Практычна ўсе, хто
браў удзел у гэтым вызвольным чыне, пры савецкай уладзе былі зьнішчаны
праз сыстэму ГУЛАГу. Мала хто зь іх выжыў. І зьнішчалі людзей ня толькі
за тое, што яны ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкім паўстаньні,
іх зьнішчалі па пляне. А ў зоне Слуцкага збройнага чыну практычна
зьнішчалі ўсё мужчынскае насельніцтва. І шлях гэтых слуцкіх змагароў
у многіх закончыўся ў турмах, у ГУЛАГу. А Курапаты ёсьць нацыянальным
нэкропалем, і, натуральна, сёньня мы ўшаноўваем у першую чаргу памяць
слуцкіх змагароў”.
Гісторык
Ігар Кузьняцоў нагадаў, што амаль два гады прадстаўнікі грамадзкасьці
29-га чысла наведваюць месцы масавых расстрэлаў ахвяраў рэпрэсій:
“Тая традыцыя, якая ўсталявалася са студзеня мінулага году — 29-га чысла кожнага месяца прыходзіць у Курапаты, парк
Чалюскінцаў
і іншыя месцы масавых расстрэлаў — сьведчыць пра тое, што памяць пра
тых, хто загінуў у тыя гады, жыве.
Магчыма, прыйдзе час — мы зможам
выдаць кнігі. І ў пачатку году выйдзе кніга, якую мы рыхтавалі, у якой
будзе 5720 прозьвішчаў тых, хто быў расстраляны ў Менску, пераважна
ў 37—38 гадах.
Гэта
будзе першы памінальны сьпіс. Хаця на магільнай пліце тут пералічаны
імёны ста прадстаўнікоў нашай інтэлігенцыі, якія былі расстраляныя
ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 году”.
Удзельнікі акцыі запальвалі зьнічы каля крыжоў, ускладалі кветкі.
У гэты час у лесе зьявіліся міліцыянты, якія
назіралі
за тым, што адбывалася ў Курапацкім лесе.
А перад гэтым двое
ў цывільным накінуліся на адну з удзельніц ушанаваньня памяці
на ўваходзе ў Курапацкі лес, разарвалі бел-чырвона-белы сьцяг, які яна
несла, і зламалі дрэўка.
Удзельнікі акцыі спрабавалі высьветліць
у міліцыянтаў, што гэта былі за асобы. Уладзімер Раманоўскі апавёў:
“Усялякія
спробы высьветліць, што гэта за барбарства было праяўлена і кім,
прывяло да таго, што мы сказалі: якія вы абаронцы, вы такія ж вандалы,
якія тут ламалі крыжы. Гэтым усё і скончылася”.