А.Лукашэнка: у 2011 годзе пайду на наступны тэрмін
02:16
Кіраўнік Беларусі
А.Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву “France Press” заявіў, што пашырэньне
НАТО спарадзіла “міні-гонку ўзбраеньняў” у Эўропе.
“Мы вельмі
заклапочаныя тым, што адбываецца на нашых межах. Самалёты НАТО лётаюць
ля мяжы нашай краіны. Чаму? Мы пачынаем узмацняць нашу проціпаветраную
абарону.Гэта выклікае міні-гонку ўзбраеньняў”.
“Чаму балтыйскія краіны павінны разгортваць сілы
хуткага рэагаваньня? Чаму?” – запытаўся Лукашэнка, спасылаючыся на
членства Латвіі, Літвы і Эстоніі ў Паўночна-атлянтычным альянсе. –“Вы
прымушаеце нас рэагаваць адпаведна і разгортваць сілы для спэцыяльных
апэрацыяў”.
“Чаму НАТО пашыраюць і ўзмацняюць? Хутчэй давайце
думаць, як мы можам дэмантаваць гэтую ваенную машыну... Яна зьяўляецца
абсалютна непатрэбнай,” – сказаў кіраўнік Беларусі.
Лукашэнка таксама сказаў, што Беларусь плянуе купіць ракеты “Іскандэр” у Расеі, каб узмоцніць сваю паветраную абарону.
Адказваючы
на пытаньне пра палітычных вязьняў, Лукашэнка сказаў, што паколькі няма
палітычных злачынстваў, дык няма і палітычных вязьняў. “Гэта звычайныя
крымінальнікі,” — сказаў прэзыдэнт пра палітычных апанэнтаў, якіх ён
звольніў з турмы ў гэтым годзе.
Гаворачы пра арышты маладых
актывістаў, Лукашэнка сьцьвердзіў, што дзясяткі зь іх зьяўляюцца на
дэманстрацыі п’янымі, таму арышты на 10-15 сутак патрэбныя, каб гэтыя
людзі працьверазелі і апамяталіся.
Адказваючы на пытаньне пра
магчымасьць сваёй адстаўкі, беларускі прэзыдэнт заявіў, што будзе
балятавацца на наступны прэзыдэнцкі тэрмін у 2011 годзе.
Гаворачы
пра цяперашні фінансавы крызіс, беларускі прэзыдэнт сказаў, што крызіс
пацьвердзіў большую трываласьць кіраванай дзяржавай беларускай
эканомікі ў параўнаньні зь іншымі эканомікамі. “Эўрапейцы штораз больш
гавораць пра беларускую мадэль,” — дадаў ён.
Камэнтуючы
чуткі, што Гілары Клінтан можа стаць дзяржаскратаром ЗША, Лукашэнка
сказаў, што ў яго былі цёплыя адносіны зь Білам Клінтанам, і што ў
такім выпадку ён спадзяецца на пацяпленьне ў беларуска-амэрыканскіх
дачыненьнях. “Я думаю, што на нейкім этапе ў нас атрымаюцца салідныя
перамовы. Я разьлічваю на гэта. Я разьлічваю на Біла... Нам патрэбны
нармальны дыялёг, і я думаю, што калі Біл скажа Гілары пра гэта, яна
паслухае — таксама таму, што ён адыграў вялікую ролю ў выбарчай
кампаніі дэмакратаў,” — сказаў Лукашэнка.
Агулам Лукашэнка
адказаў амаль на 50 пытаньняў францускіх журналістаў. У інтэрвію
Лукашэнка акцэнтаваў на “вельмі блізкіх” дачыненьнях яго краіны з
Расеяй і высьмейваў іх праціўнікаў, але адначасова падкрэсьліў і
важнасьць лепшых дачыненьняў Беларусі з Эўропай.