Падчас нямецка-беларускага форуму
“Суседзтва і бясьпека: пэрспэктывы Беларусі ў Эўропе” выступіў кіраўнік
адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей.
Упершыню ў такім мерапрыемстве ўзяў удзел чыноўнік такога рангу. У яго
адбылася таксама кароткая сустрэча зь лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.
Спадар Мілінкевіч апавёў:
“Я быў у залі,
праходзіў каля нямецкага пасла Гэбхардта Вайса, які размаўляў з Макеем.
Ён мяне прадставіў Макею. У нас адбылася зь ім размова. Я выклаў
пазыцыю сваю, якая ёсьць і пазыцыяй аб’яднаных дэмсілаў, пра тое,
як мы ставімся да дыялёгу, што мы яго падтрымліваем. Я лічу, калі
краіна ў небясьпецы, вельмі важна, каб эліты і контраэліты знайшлі між
сабой агульную мову. Бо ў нас агульны інтарэс: захаваць Беларусь.
А сапраўды Беларусь у небясьпецы, бо можам стаць пратэктаратам суседняй
краіны, найперш з прычын эканамічных. І патрэбны дыялёг ня толькі
Эўропа — улада. І мы падтрымліваем такі дыялёг. Але патрэбны дыялёг
улада — дэмсілы.
Канкрэтных вынікаў размовы не было. Я думаю,
што Ўладзімер Макей выдатна зразумеў тое, што я кажу. І, напэўна,
ён таксама выступае за дыялёг. Але так вось зь першай размовы на вячэры
такія справы не вырашаюцца. Я ўпэўнены, што ўлада таксама прыйдзе
да неабходнасьці размовы з дэмсіламі, бо мы прадстаўляем найбольш
актыўную, інфармаваную частку грамадзтва”.