“Калі Амэрыка зацікаўленая ў разьвіцьці стасункаў
з намі без выбудоўваньня нейкіх там дадатковых бар’ераў і папярэдніх
умоваў, то мы сур’ёзна ў гэтым пляне прасунемся, і амэрыканцы будуць
задаволеныя супрацоўніцтвам зь Беларусьсю”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію газэце “The Wall Street Journal”.
Наколькі далёка можа зайсьці паляпшэньне
беларуска-амэрыканскіх адносінаў, і якія аб’ектыўныя перашкоды існуюць
на гэтым шляху? Чаму Лукашэнка робіць гэтак шмат камплімэнтаў Абаму? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігар Лялькоў.
Цыганкоў:
“Беларуска-амэрыканскія адносіны відавочна маюць пэўныя бар’еры. Яны
могуць палепшыцца, але пры сёньняшняй беларускай уладзе стасункі паміж
Беларусьсю і ЗША ня могуць быць такімі як паміж ЗША і, напрыклад,
Францыяй ці Польшчай. У чым гэтыя бар’еры, і дзе мяжа ў паляпшэньні
адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам?”
Лялькоў:
“Пытаньне стаіць, у першую чаргу, пра палітычны лад у Беларусі, што
краіна не зьяўляецца дэмакратычнай у агульнапрызнаным значэньні гэтага
слова. Палітычны рэжым моцна аўтарытарны, і супрацоўніцтва зь ім для
ЗША не магчымае ў такой ступені, у якой гэта магчыма з дэмакратычнымі
краінамі”
Цыганкоў: “У інтэрвію “The Wall
Street Journal” Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў: “Беларусь і ЗША
павінны вярнуцца да таго этапу і якасьці ў стасунках, якія былі да
крызісу, і пачаць весьці дыялёг”. Наколькі рэальная гэта “міні-задача”
— вярнуцца да таго ўзроўню адносінаў, які быў яшчэ тры гады таму?”
Лялькоў:
“Гэтая задача якраз цалкам рэальная, і тут у значнай ступені мяч на
баку беларускага боку. Бо адно з патрабаваньняў Захаду — вызваленьне
палітычных зьняволеных, нібыта, было выканана. Але сытуацыя, калі знаходзіцца пад арыштам Аляксандар Баразенка,
сьведчыць пра тое, што палітычны перасьлед у Беларусі ня зьнік. Для
вяртаньня сытуацыі ў дакрызісны стан любыя формы палітычнага перасьледу
павінны зьнікнуць.
Яшчэ адно вельмі важнае пытаньне — гэта
свабода СМІ. Цалкам у сілах беларускага рэжыму нават сёньня зрабіць
пэўныя крокі ў бок большай свабоды СМІ. Прынамсі, друкаваньне
недзяржаўных мэдыяў на тэрыторыі Белаурусі і распаўсюд іх праз сыстэму
“Белсаюздруку” — гэта ня тыя пытаньні, якія могуць неяк істотна
пахіснуць рэжым. Таму на такія саступкі з прагматычнага пункту
гледжаньня цалкам рэальна пайсьці. Калі такія крокі будуць зробленыя,
гэта будзе заўважана і ў ЗША, і сытуацыя цалкам можа вярнуцца на
ўзровень 2-3-гадовай даўніны”.
Цыганкоў: “Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію таксама выдаў шэраг камплімэнтаў на адрас абранага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы.
“Гэта новы, малады, адукаваны чалавек, больш хуткі і энэргічны чалавек,
які зможа больш рэальна паглядзець на сусьветную рэчаіснасьць”, —
заявіў Лукашэнка. Няўжо беларускі кіраўнік спадзяецца, што палітыка ЗША
да Беларусі можа істотна зьмяніцца, ці гэта проста дыпляматычная
ветлівасьць?”
Лялькоў: “Гэта, у прынцыпе,
звычайны стыль паводзінаў Лукашэнкі. Кожны новы лідэр нейкай ключавой
для Беларусі краіны адразу атрымлівае ад яго вялікую порцыю
камплімэнтаў. Бо беларускі кіраўнік разумее, што палітычнае становішча
Беларусі й эканамічная сытуацыя ў краіне могуць залежаць ад пазыцыі
ЗША. Таму, мяркую, ён лічыць, што лепш перахваліць, чым недахваліць. А
далей ужо будзе рэакцыя на нейкія канкрэтныя крокі ЗША і рыторыка
Лукашэнкі на адрас Абамы можа яшчэ памяняцца.”