У дзень афіцыйнага сьвята камуністы ды іхнія
прыхільнікі ўскладалі кветкі да помніка Леніну.
Прадстаўнікі
“Эўрапейскай кааліцыі” і аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай
хрысьціянскай дэмакратыі маліліся ў царкве за ахвяраў кастрычніцкага
перавароту 1917 году і грамадзянскай вайны. Тым часам спэцназаўцы
затрымалі актывістаў “Маладога фронту” насупраць КДБ з расьцяжкай
“Камунізм пад трыбунал”.
Затрыманыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка, Тацяна Шапуцька, Наста Лойка, Аляксей Янушэўскі і Антон Русін
знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Спэцназаўцы затрымалі іх
разам зь непаўналетнімі сябрамі за пікет насупраць будынку КДБ.
Актывісты разгарнулі расьцяжку “Камунізм пад трыбунал!”каля помніка
Фэліксу Дзяржынскаму.
Спачатку іх трымалі ў аддзеле міліцыі на
вуліцы Карла Маркса, але потым міліцыянтам прыйшоў загад адвезьці ўсіх
ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Ленінскага раёну. Там непаўналетніх
адпусьцілі, а на трох дзяўчат і двух хлопцаў склалі пратаколы за ўдзел
у несанкцыянаваным пікеце. Трое сутак да суду яны правядуць у камэры.
Першапачаткова маладафронтаўцы хацелі правесьці пікет каля помніка Леніну, але там ад 9 раніцы было наладжанае патруляваньне.
А 10-й кветкі і вянкі да помніка Леніну ўскладалі сябры Камуністычнай партыі Беларусі. Разам зь імі былі актывісты БРСМ.
Аб
11-й кветкі ўсклалі сябры Партыі камуністаў Беларускай. Кідалася ў
вочы, што сярод прысутных былі ў асноўным людзі сталага веку.
Вэтэран працы: “Ну, сапраўды, моладзі мала. Толькі старыя камуністы, а моладзь цяпер у іншых арганізацыях”.
Праз
паўгадзіны ў Сьвята-Петрапаўлаўскай царкве сябры “Эўрапейскай кааліцыі”
і БХД маліліся за ахвяраў кастрычніцкага перавароту.
“Молімся
за тых, хто загінуў у братазабойчай вайне. У гэты дзень бальшавікі
запалілі сусьветны пажар, у полымі якога згарэлі дзясяткі мільёнаў
жыцьцяў. Дагэтуль у такіх краінах, як Паўночная Карэя, гэтыя жыцьці
гараць.
Сёньняшні беларускі рэжым як нашчадак савецкага спрабуе гэтую вайну весьці супраць той часткі народу, якая хоча быць вольнай”.
“Паказальна
тое, што падчас набажэнства за нявінных ахвяраў камуністычных рэпрэсій
моладзь сучасным беларускім рэжымам была інтэрнаваная ў пастарунак.
Гэта ганьба”.
Уладзімер Мішура прыехаў зь Дзяржынску, каб памаліцца за ахвяраў кастрычніцкай катастрофы.
“Узгадваю
Марыну Цьвятаеву… Хаваюць белых і чырвоных у адной магіле. “Белым быў,
чырвоным стаў — кроў заліла. Чырвоным быў, белым стаў — сьмерць
пабяліла”. Гэта была трагедыя для ўсяго народу. І гэтую трагедыю трэба
адзначаць жалобай, а не сьвяткаваць”.
“Думаю,
што настане дзень, калі людзі будуць хадзіць у царкву і памінаць тых,
хто загінуў. Гэта ня тое сьвята, каб напівацца і танчыць на костках
тых, хто загінуў. Не бяспамяцтвам трэба будавацца, а менавіта памятаць
пра тых ахвяраў”.
Суд над актывістамі “Маладога фронту” пачнецца 10 лістапада ў судзе Ленінскага раёну.