Учора на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх
замежных установаў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што
Беларусь дазволіць амэрыканскім дыпляматам аднавіць нармальную працу ў
амбасадзе ў Менску тады, калі ЗША зьнімуць эканамічныя санкцыі супраць
Беларусі.
"Ад амэрыканскага боку мы чакаем зьняцьця
эканамічных санкцый, прыніжальных для саміх ЗША, — цытуе словы
кіраўніка дзяржавы агенцтва БЕЛТА. — Гэта стане сыгналам для
паўнацэннага ўзнаўленьня ўзаемнай дыпляматычнай прысутнасьці. Мы
прапануем Злучаным Штатам зьмястоўны і канструктыўны дыялёг па ўсіх
актуальных пытаньнях і першымі гатовыя працягнуць руку дапамогі для
ўзнаўленьня клімату ўзаемаразуменьня і даверу".
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, амэрыканскія санкцыі ўдарылі перш за ўсё па амэрыканскіх спажыўцах беларускай вытворчасьці.