Ці можна лічыць прарывам у беларуска-ўкраінскіх
дачыненьнях сустрэчу 20 студзеня прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і
Віктара Юшчанкі?
Як Масква можа адрэагаваць на прынятыя ў Чарнігаве
дэклярацыі і рашэньні? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігра
Лялькоў.
Цыганкоў:
“Як можна ацаніць сустрэчу двух прэзыдэнтаў на фоне сёньняшняга
палітычнага кантэксту, тыя тэмы, якія ўздымаліся ў Чарнігаве, рашэньні,
якія там прымаліся? Ці можна назваць гэта прарывам?”
Лялькоў:
“Прарыў – магчыма, было б занадта моцнае слова. Але гэта адзін з
сур’ёзных крокаў на шляху да паляпшэньня палітычных адносінаў і
ўсталяваньня нармальных эканамічных адносінаў. Таксама сустрэчу можна
разглядаць у кантэксьце агульнага паляпшэньня адносінаў паміж Менскам і
Захадам. Як вядома, Украіна на постсавецкай прасторы зьяўляецца адной з
блізкіх да Захаду дзяржаваў. Таму сустрэча – гэта чарговы крок да
паляпшэньня адносінаў з суседзямі і да таго, каб адарвацца ад
аднабаковага прывязваньня замежнай палітыкі Беларусі да Расеі”
Цыганкоў:
“Вы лічыце, што гэты агульны геапалітычны кантэкст быў важнейшым за
ўласна беларуска-ўкраінскія адносіны? Ці можна сказаць, што Юшчанка на
гэтай сустрэчы прадстаўляў ня толькі Ўкраіну, але і шырэй Захад?”
Лялькоў:
“Я думаю, што гэта падкрэсьліў і Лукашэнка ў адным з сваім
выказваньняў, калі падзякаваў Украіне за яе пазыцыю на Захадзе наконт
аднаўленьня кантактаў Беларусі і Захаду пасьля столькіх гадоў
замаразкаў. Гэты геапалітычны кантэкст зьвязаны з будучай стратэгіяй
“Усходняга партнэрства” і з стварэньнем Балта-Чарнаморскага
энэргетычнага калідору, -- пра што, дарэчы, БНФ казаў з канца 80-х”.
Цыганкоў:
“Раней сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны неаднаразова адкладваліся
– над чым міжволі паўставаў цень Масквы. Лукашэнка не рашаўся на гэтыя
сустрэчы, баючыся выклікаць незадавальненьне Расеі. Ці азначае
спатканьне ў Чарнігаве, што Лукашэнка ўжо ня так баіцца рэакцыі Масквы,
ці проста ў Расеі ў дадзеным выпадку няма ніякіх падставаў для
нэгатыўнай рэакцыі?”
Лялькоў: “У першую чаргу ў
Расеі цяпер нашмат меней магчымасьцяў уплыву – і на Беларусь, і на
Ўкраіну. З пачаткам пэўнай “адлігі” паміж Беларусьсю і Захадам ступень
залежнасьці ад Масквы – прынамсі, вонкава – зьніжаецца. У гэтым
кантэксьце прыйшоў час для гэтай сустрэчы, якая раней неаднаразова
адкладалася”