У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам, ад пачатку
2009 году ўсталяваны акцыз на алькагольныя напоі, якія “вырабляюцца па
нетрадыцыйнай тэхналёгіі з ужываньнем народных рэцэптаў”.
Аднак
афіцыйна прадаваць самагонку дазволена толькі ў чатырох месцах краіны,
якія лічацца прыярытэтнымі ў разьліку на ўязны турызм.
Пры гэтым гандаль самаробным алькаголем закліканы аднавіць цікавасьць да беларускіх нацыянальных традыцый.
Цяпер без азіраньня на “органы” дэгуставаць і набываць самагон можна ў
музэі старадаўніх народных рамёстваў і тэхналёгій “Дудуткі”,
Нацыянальным парку Белавеская пушча, комплексе “Беларуская вёска ХІХ
стагодзьдзя” пад Магілёвам і… гарналыжным спартовым комплексе
“Лагойск”. Дагэтуль з самаробнымі напоямі экспэрымэнтавалі ў
“Дудутках”, аднак іх рэалізацыя была забароненая. Заснавальнік музэю,
ужо нябожчык Яўген Будзінас неаднаразова
выходзіў з прапановай зарэгістраваць самагон у якасьці нацыянальнага
напою – ад легалізацыі калі хто і пацярпеў бы, дык толькі падпольныя
бровары з сумнеўнай прадукцыяй. Тады чыноўнікі не адважыліся. Але
цяпер, кажа старшыня праўленьня арганізацыі “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, удава Яўгена Будзінаса, справа зрушылася:
“Я
думаю – трэба пашыраць. Гэта не абавязкова павінна быць зьвязана з
моцным алькаголем, а ўвогуле з усялякімі традыцыйнымі напоямі. Вось у
нас, да прыкладу, у Расонскім раёне, на поўначы Беларусі, клясную
медавуху людзі памятаюць, маюць рэцэпты. Гэта выдатны напой, хацелі б
яго легалізаваць. Дый увогуле столькі ініцыятываў зараз і з боку
гаспадароў сядзібаў, і з боку іншых цікавых музэйных – і ня толькі –
аб’ектаў. Гэта, безумоўна, элемэнт матэрыяльнай культуры. Таму іх трэба
выяўляць, ахоўваць, песьціць і разьвіваць. Я такую ідэю падтрымлівала б
усяляк”.
Кандыдат гiстарычных навук, дацэнт катэдры этналёгii, музэялёгii i гiсторыi Белдзяржунівэрсытэту Тадэвуш Навагродзкі
– вядомы знаўца традыцыйнай беларускай кухні, уключна з напоямі.
Прафэсійна дасьледуе этнічныя традыцыі ў культуры харчаваньня беларусаў
– абараніўся па тэме “Беларуская народная кулiнарыя XIX – пачатку ХХ
стагодзьдзяў”. На думку экспэрта, вяртаньне да гістарычнай спадчыны –
справа надзвычай важная:
“Гэта павінна быць як частка
традыцыйнай культуры беларускага народу. Тое, што было, і нават тое,
што павінна быць таксама. То бок, паказаць існаваньне традыцый, як яны
на сёньняшні дзень павінны ўкараняцца: можа дзесьці яны адаптаваныя,
дзесьці павінны адбыцца трансфармацыя. Павінна быць паказаная як
культурная зьява, а ня проста як бытавое п’янства”.
Карэспандэнт: “Увогуле ці мэтазгодна пашыраць такую практыку ў месцах, дзе агратурызм разьвіваецца, сядзібы новыя ўзьнікаюць…”
“Калі
гэта рабіць акуратна, прафэсійна, з захаваньнем традыцый, а ня проста
сурагат дадаваць, то справа добрая. Ёсьць жа і карысныя напоі. Я вось
памятаю, калі ў экспэдыцыі на Палесьсі быў і захварэў, бабуля прынесла
вішнёвую настойку. Можна сказаць, самагонку, настоеную на вішнёвых
лістах. Выпіце паўшклянкі – і ўсё пройдзе. Я кажу: не магу, бо
працаваць трэба. А яна зноў: вы ў такім стане працаваць ня зможаце.
Выпіў – і што вы думаеце? Так і сталася. Праз пару гадзінаў абсалютна
здаровы чалавек. То бок, і ў лекавых мэтах можна выкарыстоўваць
некаторыя рэцэпты”.
У суседніх зь Беларусьсю краінах – Літве,
Украіне, Польшчы – прадукаваньне напояў па гістарычнай рэцэптуры
пастаўлена на паток. Аднак ніхто не перашкаджае варыць самагон і
дробным броварам, якія такім чынам прывабліваюць турыстаў. Прычым
асаблівых цяжкасьцяў зь легалізацыяй прадукту ў замежжы няма. Пра гэта
кажа і Валерыя Кліцунова:
“Перад тым, як запускаць
самагонаварэньне, мы езьдзілі з Будзінасам у Галяндыю. Там ёсьць
падобны напой, называецца “Жэнэвер”. Як наша самагонка, толькі крыху
стаіць у дубовых бочках (гэта ня віскі, а асобны напой). Наведалі
фабрыку-музэй. Гаспадар, малады яшчэ хлопец, па старадаўніх рэцэптах
варыць напой у драўляных бочках. Тут жа побач цудоўны бар. Я запытваю:
ці складана было пачаць, атрымаць ліцэнзію? Кажа: ды вось мэр напісаў
ліст, дазволіў. Цікаўлюся – і ўсё? Тады дзівіцца ён: маўляў, канечне,
усё!.. Бо яго справа надалей – забясьпечваць якасьць. Таму я
перакананая: калі ў напою будзе гаспадар ці аўтар, то гэта ўжо ягоны
клопат сачыць за якасьцю. Гэта ягоная рэпутацыя і ягоная адказнасьць”.
У
апошнія дні 2008 году на паліцах беларускіх крамаў пасьля доўгага
перапынку зьявілася абноўленая лінейка напояў “Крамбамбуля”.
Прадпрыемства “БелПІ” на падставе старых рэцэптаў прэзэнтуе настойкі
“Панская”, “Хлебасольная”, “Вогненная” – усяго 7 найменьняў. Праўда, ад
самагонкі вытанчаныя напоі стаяць усё ж на адлегласьці.
Тым часам міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Сямён Шапіра заявіў,
што ў Беларусі плянуецца цэлая праграма аднаўленьня хутароў. На
дзяржаўным узроўні прадугледжана дапамога ахвотным весьці гаспадарку,
спрыяньне ў будаўніцтве дамоў, правядзеньні лініі электраперадач.
Колісь звыклая для Беларусі форма існаваньня заможнага селяніна апошнім
часам прыйшла ў заняпад. Улады спадзяюцца, што хутары стануць і адной з
формаў разьвіцьця экатурызму. Як паказвае досьвед, любога турыста ў
невядомай краіне найперш вабіць нацыянальны калярыт. Шмат хто лічыць,
што якраз самагонка магла б пакінуць на замежніка “незабыўнае
ўражаньне”.