Экспэрты сусьветна вядомага брытанскага
тыднёвіка “The Economist”, разгледзеўшы палітычную сытуацыю ў 167
краінах сьвету, прыйшлі да высновы, што сусьветная тэндэнцыя да
пашырэньня дэмакратыі, якая назіралася ў апошнім дзесяцігодзьдзі,
спынілася.
Сёньня тыднёвік “The Economist” апублікаваў свой “Індэкс дэмакратыі 2008”, які зьяўляецца своеасаблівым рэйтынгам дэмакратычнасьці краінаў сьвету.
Каб скласьці гэты індэкс, у якім лік 10 адпавядае
ідэальнай дэмакратыі, а 0 — поўнай аўтакратыі, экспэрты разгледзелі ў
адносінах да кожнай краіны 60 паказьнікаў, разьдзеленых на пяць
шырэйшых катэгорый:
а) выбарчы працэс і плюралізм;
б) грамадзянскія свабоды;
в) дзейнасьць ураду;
г) палітычная актыўнасьць:
д) палітычная культура.
Першы
раз падобны індэкс “The Economist” склаў два гады таму, таму сёлета
было магчыма здабіць параўнаньне. Дык вось, аказалася, што на працягу
апошніх двух гадоў індэкс дэмакратыі панізіўся ў 68 краінах, павысіўся
ў 56, і застаўся нязьменны ў 43.
Палітычныя формы дзяржаўнага кіраваньня на сьвеце былі разьдзеленыя брытанскім тыднёвікам на чатыры тыпы:
поўная дэмакратыя (30 краінаў),
няпоўная дэмакратыя (50),
гібрыдны рэжым (36),
аўтарытарны рэжым (51).
У
гэтым годзе Беларусь з адзнакай 3.34 апынулася на 132-м месцы, у
атачэньні такіх краінаў як Бахрэйн, Ангола, Альжыр і Кот д’Івуар. Два
гады таму Беларусь у падобным рэйтынгу “The Economist” была 128-я. Тып
палітычнага рэжыму ў Беларусі паводле гэтай клясыфікацыі — аўтарытарны.
Паводле экспэртаў “The Economist”, найбольш дэмакратыі ў Швэцыі, а потым у Нарвэгіі, Ісляндыі і Нідэрляндах.
Калі
йдзецца пра суседак Беларусі, дык Эстонія, Латвія, Літва, Польшча і
Ўкраіна (53 месца) склясыфікаваныя як няпоўныя дэмакратыі, а Расея (107
месца) як гібрыдны рэжым.