Сёньняшняму рашэньню Эўразьвязу зьняць на паўгода
візавыя забароны для беларускіх урадоўцаў, у тым ліку і для Аляксандра
Лукашэнкі, на першы погляд бракуе лёгікі.
Зараз санкцыі здымаюцца з
тых, адносна каго яны былі ўведзеныя пасьля рэфэрэндуму 2004 году,
ўведзеныя за фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня і грэбаваньне
дэмакратычнымі нормамі. Апошнюю выбарчую кампанію наўрад ці можна лічыць
удалай працай над памылкамі і трыюмфам дэмакратыі. Пра тое сьведчаць ня
толькі вынікі – нуль апазыцыянэраў у парлямэнце, ня толькі абурэньні
той самай апазыцыі, але і выснова назіральнікаў АБСЭ пра
неадпаведнасьць выбараў дэмакратычным стандартам, і самае сёньняшняе
рашэньне Эўразьвязу, паводле якога пад санкцыямі засталася старшыня
Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Калі практыка парушэньняў
дэмакратычных нормаў на выбарах захавалася і сёлета, то чаму цярпець за
гэта мае адна Ярмошына?
Прыпыненьне санкцый як паварот палітыкі ЭЗ
Кароткі
адказ – таму, таму што палітыка Эўразьвязу адносна Беларусі зьмянілася
ў прынцыпе. На думку Эўразьвязу, маштабныя санкцыі паказалі сваю
неэфэктыўнасьць, да таго ж абмежаваньне на ўезд у Эўропу чыста тэхнічна
перашкаджала дыялёгу зь беларускай уладай. А пра што? Ды шмат пра што.
Напрыклад пра новую геапалітычную сытуацыю, якая склалася пасьля
нядаўняй вайны на Каўказе, і пра новую ролю ў ёй Беларусі. Ці пра
прыватызацыю, ва ўдзеле ў якой зацікаўленая Эўропа, і ва ўдзеле Эўропы,
у якой зацікаўленыя беларускія ўлады, каб ўраўнаважыць занадта цяжкую
хватку расейскіх “братоў”. Пра тое, што новая палітыка нармалізацыі
адносінаў ёсьць спроба інакш узьдзейнічаць на беларускую ўладу, а не
суцэльнае патураньне ёй, сьведчыць сьпіс асобаў, адносна якіх санкцыі
ўсё ж захавалі: гэта прыгаданая старшыня Цэнтарвыбаркаму, а таксама
чатыры дзяржаўныя службоўцы, трое зь якіх былыя, якіх падазраюць у
датычнасьці да выкраданьня палітычных апанэнтаў рэжыму. А хіба сам
кіраўнік дзяржавы не нясе адказнасьць за дзеяньні гэтых сваіх
падначаленых? Нясе, зразумела. Але сутнасьць пасланьня Эўропы
беларускаму чынавенству палягае ў тым, што адносна вышэйшага
палітычнага кіраўніцтва Беларусі дзейнічаюць адпаведна вышэйшыя
палітычныя чыньнікі, а вось шараговаму, і нават не шараговаму чыноўніку
давядзецца несьці адказнасьць за свае дзеяньні, нават калі гэтыя
дзеяньні былі выкананьнем загадаў кіраўніка дзяржавы.
Каштоўнасьці ці інтарэсы?
У
гэтым сэнсе шчыраваньні нямецкага пасла Гергарта Вайса наконт таго, што
Лукашэнка хацеў правесьці выбары дэмакратычна, а выканаўцы ягонае
імкненьне спляжылі, выглядае не наіўнасьцю, а абгрунтаваньнем гэтай
новай лініі. Тут можна ўбачыць пэўную аналёгію з рашэньнем амэрыканцаў
пасьля перамогі над Японіяй у 1945 годзе не прыцягваць да адказнасьці
тагачаснага імпэратара Хірахіта. Грахоў і прамой адказнасьці за агрэсію
на ім было багата, але прынялі палітычнае рашэньне. А выканаўцам, у тым
ліку і выканаўцам імпэратарскіх загадаў, “укацілі” па поўнай. А трэба
думаць, якія загады выконваць – японскім выканаўцам, і сучасным
беларускім, дарэчы.
Многія апазыцыйныя палітыкі і наведнікі
шматлікіх форумаў тлумачаць дурнаватаму Захаду, што разьлік гэты кепскі
і недальнабачны, што Лукашэнка гэтак жа падмане Захад, як гадамі
падманваў Расею. Але новая палітыка Эўропы будуецца ня столькі з
разьлікам на вядомую ўсім вернасьць беларускага лідэра дадзенаму слову,
колькі з разьлікам на ягоныя ўласныя інтарэсы. Зацікаўлены ён сам па
сабе прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, апускаючы сваю краіну да іх
узроўню? Ды ня надта. Ці зацікаўлены ён ў тым, каб ўраўнаважыць
расейскі капітал у беларускай прыватызацыі эўрапейскім? Зацікаўлены.
Ёсьць глеба для ўзаемадзеяньня. Ня глеба супольных каштоўнасьцяў, з
гэтым сапраўды ня надта, але глеба супольных інтарэсаў.
Рэха вайны на Каўказе
Варта
дадаць, што сёньня ж Эўразьвяз скасаваў і візавыя санкцыі адносна
кіраўніцтва Ўзбэкістану, уведзеныя пасьля бойні ў Андыжане ў траўні
2005 году. Эўразьвяз тады запатрабаваў міжнароднага расьсьледаваньня,
Ташкент адмовіўся, вынікам сталі санкцыі. У адказ Узбэкістан зблізіўся
з Масквой, уступіў у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы,
выдаліў са сваёй тэрыторыі амэрыканскія вайсковыя базы, якія
забясьпечвалі супольную НАТАўскую апэрацыю ў Афганістане. Ніякіх
зьменаў ва ўнутранай палітыцы Ташкенту за гэты час не адбылося. Адносна
Ўзбэкістану, як і адносна Беларусі, нейкія пугі ўсё ж захаваныя: з
Ташкенту ня зьнятая эмбарга на продаж зброі, з Менску – санкцыі візавыя
санкцыі супраць 5 службоўцаў і фінансавыя санкцыі адносна ўсяго сьпісу
чыноўнікаў, якія зь сёньняшняга дня сталі ўязнымі ў ЭЗ. Але рашэньні,
прынятыя сёньня Эўразьвязам адносна і Беларусі, і Ўзбэкістану,
сьведчаць пра зьмену палітыкі адносна ўсёй постсавецкай прасторы. І так
выглядае, што ўсё ж галоўным чыньнікам гэтай зьмены стала зьмена
геапалітычнага становішча ва ўсім гэтым рэгіёне пасьля вайны на Каўказе.
Па кім звоніць звон?
А
спадарыню Ярмошыну шкада, шчыра хацела жанчына пасядзець на парыскіх
бульварах з томікам Хэмінгуэя. А так давядзецца пакутаваць, можа, і не
зусім за ўласныя грахі. І апазыцыю таксама шкада. Ёй ў кавярні “Флёра”
пасядзець не праблема, але зараз, як высьвятляецца, давядзецца шукаць
палітычны рэсурс ня там, а ў беларускіх гарадах і вёсках. І
апазыцыянэры, і спадарыня Ярмошына могуць зараз задаваць сабе пытаньне
– “Чаму?”
Але наконт гэтага ўсё патлумачыў у свой час той самы мудры Хэм, напісаўшы, што “старэюць ня толькі адказы, але і пытаньні”.