Сёньня а 10:30 раніцы на “Харчовым базары”,
што на Партызанскім праспэкце ў Менску, быў затрыманы актывіст
прадпрымальніцкага руху, паведаміў “Радыё Свабода” Алесь Макаеў.
У
распаўсюдніка не было пры сабе пашпарту, і нарад міліцыі даставіў яго
ў аддзяленьне міліцыі. Там пасьля высьвятленьня асобы, у яго
сканфіскавалі 50 улётак і праз паўгадзіны адпусьцілі — без складаньня пратаколу й тлумачэньняў.
Алесь Макаеў
адцеміў, што акцыя прадпрымальнікаў санкцыянаваная, а ўлёткі афіцыйна
аддрукаваныя й маюць выходныя дадзеныя, таму дзеяньні міліцыянтаў
незаконныя.
Гэта ўжо ня першы падобны выпадак. 14 кастрычніка
за распаўсюд прадпрымальніцкага бюлетэню на рынку ў Шабанах быў
затрыманы Павал Ялавік. Яго пратрымалі чатыры гадзіны ў пастарунку,
канфіскавалі бюлетэні й адпусьцілі без складаньня пратаколу
і тлумачэньняў.