Першае месца ў рэйтынгу "Newsweek” заняла Фінляндыя. ЗША патрапілі на
11-е месца. Замыкаюць сьпіс афрыканскія краіны Камэрун, Нігерыя і
Буркіна-Фасо. Месцы суседзяў Беларусі разьмеркаваліся наступным чынам:
Польшча – 29-я, Літва –34-я, Латвія – 36-я, Украіна – 49-я, Расея –
51-я. Беларусь са сваім 56-м месцам адстала ад усіх суседзяў.
Аднак
нізкае месца Беларусі ў агульным рэйтынгу абумоўлена ў значнай ступені
надзвычай нізкай ацэнкай палітычнай сытуацыі ў краіне, паводле гэтага
паказьніку Беларусь апынулася амаль у самым канцы сьпісу – на 91-м
месцы. Паводле іншых паказьнікаў ацэнкі становішча ў краіне не такія ўжо
і кепскія, паводле паказьнікаў адукацыі, якасьці жыцьця, дынамізму
эканомікі Беларусь займае 34-35 месца.
Табліца дае ўяўленьне пра адпаведныя паказьнікі Беларусі і яе суседзяў (месцы ў адпаведных катэгорыях сярод 100 краін сьвету):
| Адукацыя | Ахова здароўя | Якасьць жыцьця | Дынамізм эканомікі | Палітычнае становішча |
Беларусь | 35 | 66 | 35 | 34 | 91 |
Польшча | 17 | 34 | 36 | 45 | 18 |
Літва | 28 | 61 | 39 | 41 | 26 |
Латвія | 25 | 52 | 41 | 53 | 38 |
Расея | 31 | 75 | 50 | 36 | 75 |
Украіна | 40 | 75 | 40 | 66 | 50 |
Паводле
табліцы, параўнальнае становішча Беларусі сярод суседзяў выглядае больш
складаным. Яна аказваецца лідэрам паводле дынамізму эканомікі, хаця
варта заўважыць, што гэты паказьнік вымярае не эканамічны стан сам па
сабе, а тэмп пераўтварэньняў. Іншыя краіны-суседзі так ці інакш прайшлі
стадыю рэформаў, Беларусь іх толькі нарэшце пачынае, што і знайшло
адлюстраваньне ў адпаведным рэйтынгу.
Паводле адукацыі Беларусь
апярэджвае Ўкраіну, крыху адстае ад Расеі і Літвы і значна – ад Латвіі і
асабліва Польшчы. Паводле ацэнак сыстэмы аховы здароўя Беларусь мае
лепшыя паказьнікі, чым Расея і Ўкраіна і крыху адстае ад Літвы.
Якасьць
жыцьця ў Беларусі – бліжэй да эўрапейскіх суседзяў, чым да ўсходняга і
паўднёвага. Ну а палітычнае становішча... як і было сказана: Беларусь у
гэтым сэнсе аўтсайдэр ня толькі ў рэгіёне, але і ў сьвеце.
svaboda.org