Нарвэскія СМІ: “Для каго сьпяваў Аляксандар Рыбак?”
04:43
Гэтымі днямі ў Менску, упершыню праз
18 гадоў пасьля ад’езду на пастаяннае жыхарства ў Нарвэгію, пабываў
пераможца Эўрабачаньня — 2009 Аляксандар Рыбак.
Учора 23-гадовы сьпявак беларускага паходжаньня ўзяў удзел у судзействе
конкурсу “Новыя галасы Беларусі” на канале АНТ, а таксама прыняў удзел у канцэрце ў Палацы
рэспублікі, дзе прасьпяваў свой зорны хіт “Казка”, а таксама беларускую
“Купалінку”. Разам з сынам радзіму наведала і маці Аляксандра —
Натальля. Сёньня днём абое вылецелі назад у Нарвэгію.
Паездка “нацыянальнага героя Нарвэгіі” на радзіму ў Беларусь не засталася па-за ўвагай нарвэскіх праваабаронцаў і палітолягаў.
Як заявіў у размове з тэлеканалам NRK, генэральны сакратар праваабарончай арганізацыі Amnesty Norge Джон Пэтэр Эгэнс, гэтая паездка, сапраўды, можа быць выкарыстана беларускім рэжымам у мэтах прапаганды.
З гэтым пагаджаецца і кіраўніца нарвэскай філіі “Міжнароднай Амністыі” Іна Цін. Яна мяркуе, што запрашэньне Аляксандра ў Менск ёсьць добра пралічанай акцыяй з боку беларускіх уладаў.
“Усё,
што адбываецца на афіцыйнай беларускай сцэне, ня можа ня мець
прапагандысцкага адбітку, лічаць прадстаўнікі „МА“. — Мы ведаем, што
Лукашэнка вельмі добра выкарыстоўвае ў сваіх мэтах дзеячаў культуры
і спорту. А удзел у гэтых шоў замежных артыстаў можа быць растлумачаны
як легітымізацыя рэжыму”.
Паводле сыгналаў, якія паступілі
ў Осла зь Беларусі, у многіх беларусаў, дзякуючы інфармацыі з афіцыйных
СМІ, ствараецца ўражаньне, што Рыбака запрасіў у Менск сам прэзыдэнт
Лукашэнка.
Як гаворыць Іна Цім, яе суайчыньнік Аляксандар Рыбак павінен быць надалей вельмі ўважлівым пры выбары музычнай арэны.
Тым часам вядомы нарвэскі экспэрт, прафэсар-палітоляг Б’ёрн Ністад рашуча супраць падобнай інтэрпрэтацыі удзелу Рыбака ў праекце дзяржаўнага тэлеканалу АНТ.
Палітоляг
таксама нязгодны і з тым, што Беларусь называюць “апошняй дыктатурай
Эўропы”. Ён лічыць, што сытуацыя ў гэтай краіне ніколькі ня горш, чым
у іншых постсавецкіх рэспубліках.
“Так, сапраўды, у гэтай краіне
існуе жорсткі кантроль над СМІ ды перасьлед апазыцыі, аднак нельга
адмаўляць тое, што Лукашэнка па-ранейшаму карыстаецца масавай
падтрымкай сярод насельніцтва. Гэта вельмі адрозьніваецца ад Украіны,
дзе прэзыдэнт Юшчанка мае падтрымку самае болей сярод 4% насельніцтва”,
— сказаў Ністад.
Сёньня ж папулярнае нарвэскае выданьне Dagbladet пачала друкаваць інтэрвію бацькі Аляксандра — вядомага нарвэскага скрыпача Ігара Рыбака.
У сёньняшнім і заўтрашнім нумарах газэта раскажа пра сапраўдную
прычыну, у выніку якой Ігар Рыбак вырашыў застацца ў Нарвэгіі, пра тое,
як прымалася гэта рашэньне і як сябры нарвэжцы хавалі яго ад агента КГБ
у сябе дома.