Сёньня ў Менску адбылося ўшанаваньне памяці
ахвяраў трагедыі на Нямізе.
10 гадоў таму 30 траўня падчас цісканіны
ў падземным пераходзе на станцыі мэтро “Няміга” загінулі 53 чалавекі.
Пасьля малебну ў Сьвята-Духавым катэдральным
саборы родныя загінулых, а таксама тыя, каму ўдалося выжыць, крыжовым
ходам накіраваліся да месца трагедыі. Там яны ўсклалі кветкі
да памятнага знаку ахвярам трагедыі.
30 траўня 1999 году падчас
навальніцы ў пераходзе станцыі мэтро ўзьнікла стыхійная цісканіна,
у якой загінулі 53 чалавекі, больш за 160 атрымалі траўмы.
Была
пачата крымінальная справа, па якой у якасьці абвінавачаных праходзілі
двое супрацоўнікаў менскай міліцыі. Іх вінавацілі ў няпоўным выкананьні
службовых абавязкаў пры ахове парадку.
25 сакавіка 2002 году суд
прыняў рашэньне спыніць вытворчасьць па гэтай крымінальнай справе
ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Родным нябожчыкаў выплацілі
кампэнсацыю.