Галоўная » 2009»Травень»21 » Колькі будзе Кангрэсаў праэўрапейскіх сілаў у Беларусі?
Колькі будзе Кангрэсаў праэўрапейскіх сілаў у Беларусі?
04:25
Cёньня адбылося чарговае рабочае
паседжаньне ініцыятыўнай групы па арганізацыі кангрэсу эўрапейскіх
сілаў.
Прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх васьмі арганізацый, якія бяруць
удзел ў ініцыятыўнай групе — 4 суб’екты Эўрапейскай кааліцыі, а таксама
АГП, БНФ, БХД і рух “За Свабоду”.
Эўрапейская кааліцыя і партыя БНФ вырашылі
правесьці кангрэс 21 чэрвеня, АГП і БХД яшчэ думаюць. Рух “За Свабоду”
выступае за тое, каб належна падрыхтавацца і правесьці форум увосень.
Дыскусія разгарэлася вострая. Лідэр “Эўрапейскай кааліцыі” Мікалай Статкевіч
перакананы, што і так змарнавана шмат часу, і кангрэс трэба праводзіць
як мага раней. Замест выбараў дэлегатаў у рэгіёнах, якія да таго ж
зьвязаныя са скандаламі, абвінавачваньнямі ў фальсыфікацыях, Статкевіч
прапанаваў прамую прысутнасьць дэмакратычнага актыву: колькі ёсьць
у арганізацыі прыхільнікаў — няхай усіх яна і прывядзе, каб было бачна,
наколькі яна магутная і ўплывовая. З такім прапановамі паплечнікі
Мілінкевіча не пагадзіліся.
Мікола Статкевіч:
“Мы запатрабавалі вызначыцца Рух „за Свабоду!“. Яны адмовіліся
падтрымаць гэтую форму правядзеньня кангрэсу і стратэгію,
не прадставіўшы сваёй. Такое ўражаньне, што спадар Мілінкевіч, мяркуючы
па яго апошніх заявах, рыхтуе пад такой жа назвай нейкае іншае
мерапрыемства пад сябе. У такіх варунках, бачачы, што ідзе блякаваньне
нашай працы, я быў вымушаны папрасіць прадстаўнікоў Руху „За Свабоду!“
перастаць перашкаджаць нам працаваць”.
Прадстаўнікі Руху
“За Свабоду!”сышлі з паседжаньня. 7 астатніх суб’ектаў узгаднілі
парадак дня Кангрэсу: прыняцьце стратэгіі, дэклярацыі, плятформы
эўрапейскага выбару і пытаньне пра выбары адзінага кандыдата ад
праэўрапейскіх сіл.
Мікола Статкевіч:
“Мы прапанавалі правесьці гэты кангрэс 21 чэрвеня. Дзьве астатнія
партыі — АГП і БХД — узялі некалькі дзён для роздуму. Але, я думаю, што
кангрэс у дадзены тэрмін адбудзецца. Форма — самая дэмакратычная”.
Намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Віктар Карняенка
расказаў, што Рух даўно вырашыў склікаць такі кангрэс увосень. Што
да прэтэнзіяў “Эўрапейскай кааліцыі” наконт таго, хто першы выступіў
з ідэяй форуму, заўважыў, што яны і не прэтэндуюць на першынство:
“У заяве
Мілінкевіча ж няма, што гэта мы выдумалі. Там ёсьць толькі прапанова
„прыняць удзел у кангрэсе“. І кропка. Што да сутнасьці сёньняшняй
сустрэчы, мы не хацелі б праводзіць пасьпешліва гэта мерапрыемства
і таму, хутчэй за ўсё, прымем такое рашэньне: адмовіцца ад такой
пасьпешлівасьці. Ня думаю, што такія сур’ёзныя рэчы трэба так
пасьпешліва рыхтаваць і праводзіць. Там жа яшчэ і мэта кангрэсу —
выбраць кандыдата на прэзыдэнты ад эўрапейскіх сіл, як прапанаваў
Івашкевіч з паплечнікамі. Я думаю, што гэта будзе нейкая прафанацыя
гэтай ідэі. Сабрацца недзе на плошчы Бангалор, як тым плянуецца,
і некага там абраць — гэта вельмі сьмешна”.
“Мы ня робім
з гэтага ніякай трагедыі: няхай пройдзе мерапрыемства. Можа, лепш няхай
будзе два мерапрыемствы, чым ня будзе ніводнага”.
Рух
“За свабоду” плянуе летам аб’ехаць рэгіёны — пазначана 80 раённых
цэнтраў, сустрэцца з актывістамі, патлумачыць ім ідэю, правесьці
вылучэньне дэлегатаў. Да таго ж, у чэрвені адбудуцца выбары
ў Эўрапарлямэнт, і варта было б запрасіць на кангрэс новаабараных
эўрапейскіх палітыкаў.