Брытанскія вайскоўцы за мяжой могуць трапіць у сэксуальныя пасткі шпіёнак. Сярод краін з такой пагрозай – Беларусь.
Як падае інтэрнэт-выданьне mirror.co.uk, кіраўніцтва брытанскай арміі папярэдзіла сваіх вайскоўцаў, якія зьбіраюцца ў службовыя паездкі ў так званыя
“гарачыя кропкі”, наконт небясьпекі трапіць у “сэксуальныя пасткі”
мясцовых шпіёнак і шпіёнаў.
У сьпісе “гарачых кропак”, які
падае выданьне, побач з балканскімі краінамі (Сэрбіяй, Чарнагорыяй,
Босьніяй і Герцагавінай), а таксама Віетнамам і Іранам, фігуруюць
Беларусь, Украіна і Расея.
Згодна з інфармацыяй брытанскіх
сакрэтных службаў, у гэтых краінах мясцовыя агенты могуць
выкарыстоўваць сэкс дзеля шантажу і такім чынам прымушаць брытанскіх
вайскоўцаў здрадзіць радзіме.
Кіраўніцтва брытанскай арміі
патрабуе ад вайскоўцаў, якія апынуцца ў такіх рызыкоўных краінах,
паведамляць пра кожны сэксуальны кантакт. Як сказала mirror.co.uk
крыніца ў брытанскай выведцы, “усе салдаты, маракі і лётчыкі павінны
быць вельмі асьцярожнымі”.