Галоўная » 2009»Люты»24 » Чарнобыльскім дзецям дазволена ехаць у тры краіны
Чарнобыльскім дзецям дазволена ехаць у тры краіны
07:48
Пасьля таго як учора адбылося падпісаньне
двухбаковых беларуска-ірляндзкіх міжурадавых дамоваў пра аздараўленьне
непаўналетніх беларусаў за мяжой, Ірляндыя стала трэцяй краінай (пасьля
Італіі і Нямеччыны), дзе дазволена адпачываць чарнобыльскім дзецям.
Як паведамілі ў прэсавай службе беларускага МЗС,
зь беларускага боку дакумэнт падпісаў кіраўнік дэпартамэнту
па гуманітарнай дапамозе Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Аляксандар Каляда, а з ірляндзкага — амбасадар гэтай краіны ў Расеі і Беларусі Джастын Гарман.
Праграмы
аздараўленьня беларускіх дзяцей у замежжы былі спыненыя яшчэ ўвосень
указам № 555 прэзыдэнта Лукашэнкі ў сувязі з выпадкамі, калі падлеткі
не вярталіся з вакацыяў. Беларускі бок патрабаваў ад краін-партнэраў
гарантый, што дзеці вернуцца дадому. Таксама былі выстаўленыя іншыя
ўмовы. Напрыклад, дзеці, якія выяжджаюць на вакацыі, ня могуць быць
старэйшымі за 14 гадоў і ня могуць адпачываць у адной і той жа замежнай
краіне часьцей за тры разы.
Пры канцы мінулага году, напярэдадні
Калядаў, ірляндзкі МЗС папрасіў беларускае кіраўніцтва зрабіць для
ірляндзкіх чарнобыльскіх ініцыятываў выключэньне ды захаваць у новых
дамоўленасьцях старыя ўмовы. А менавіта — пакінуць узроставыя межы для
дзяцей ранейшымі (ад 7 да 18 гадоў) і не абмяжоўваць колькасьць паездак.
Улічваючы маштабны характар чарнобыльскіх праграмаў у Ірляндыі, беларускі бок задаволіў просьбу Дубліна.
Паводле
міністэрства замежных спраў Ірляндыі, урад гэтай краіны правёў вялікую
і складаную працу, каб дасягнуць пагадненьня зь Менскам.