Кіраўнік Беларусі
Аляксандар Лукашэнка пачаў сустрэчу з генэральным сакратром Рады
Эўразьвязу, вярхоўным прадстаўніком па агульнай зьнешняй палітыцы і
палітыцы бясьпекі ЭЗ Хавіерам Салянам.
А.Лукашэнка
заявіў, што выступае за разьвіцьцё супрацоўніцтва з ЭЗ. Аднак ён
выказаў просьбу, каб "у нашых стасунках мы пастараліся выключыць усіх
пасярэднікаў як унутры краіны, так і за яе межамі".
Паводле А.Лукашэнкі, у разьвіцьці палітычных стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ не павінна быць "гандлю".
"Галоўнай
мэтай цяперашняй сустрэчы я стаўлю тое, каб з першых вуснаў выказаць
усё, што мы гатовы зрабіць для цесных, даверлівых стасункаў паміж нашай
краінай і Эўразьвязам", - сказаў А.Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі паспрабуе пераканаць на фактах, што "Беларусь праводзіць шчырую паліытку ў дачыненьнях з ЭЗ".
"І як бы ні было горка, але мы будзем гаварыць праўду - што мы можам зрабіць, а што не", - заявіў А.Лукашэнка.
Хавіер Саляна адзначыў, што ў ЭЗ разглядаюць Беларусь як эўрапейскую краіну.
"Сёньня
я ўпершыню наведваю вашу краіну, і я задаволены, што знаходжуся тут.
Думаю, мы добра падрыхтаваліся да гэтай сустрэчы, мы пару разоў
размаўлялі з вамі па тэлефоне. Зь міністрам Мартынавым мы выканалі
нядрэнную працу”, - адзначыў Х.Саляна.
Ён выказаў спадзяваньне на канструктыўную і прадуктыўную размову.
"Абсалютна
адкрытая і шчырая размова стане падмуркам, на якім могуць разьвівацца
нашы стасункі. Сёньня вельмі холадна на вуліцы, але ў нашай гутарцы
будзе не холад, а цяпло”. – заявіў Х.Саляна..
Нагадаем, 24
верасьня 2008 года Хавіер Саляна, якія на той час знаходзіўся ў
Нью-Ёрку на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, патэлефанаваў Аляксандру
Лукашэнку. Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы бакі заявілі пра адкрыцьцё
“новай старонкі” ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ. Паводле
прэс-сакратара спадара Саляны, галоўнай тэмай былі выбары ў Беларусі.
ЭЗ хацеў нармалізаваць стасункі зь Беларусьсю, але ўсё будзе залежаць
ад парлямэнцкіх выбараў 28 верасьня.
13 кастрычніка 2008 года ў
Люксэмбургу адбылася сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Сяргея
Мартынава і Хавіера Саляны. С.Мартынаў заявіў, што Беларусь
“зацікаўленая ў вельмі прадуктыўных і зьмястоўных стасунках з ЭЗ”.