Галоўная » 2009»Люты»19 » Беларусь запросяць у ПАРЭ, бо “ідуць сыгналы” і “ёсьць рух”
Беларусь запросяць у ПАРЭ, бо “ідуць сыгналы” і “ёсьць рух”
14:11
Старшыня палітычнага камітэту ПАРЭ Ёран Ліндблад заявіў, што спэцдакладчык Андрэа Рыгоні,
хутчэй за ўсё, запрапануе аднавіць статус Беларусі як “адмыслова
запрошанай” у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Аднак пакуль застаецца
асноўнае рознагалосьсе з афіцыйным Менскам — адносна ўдзелу беларускай
апазыцыі ў дэлегацыі.
Спачатку пытаньне аднаўленьня спэцстатусу абмяркуе
паліткамітэт ПАРЭ, а потым асамблея. Спадар Ліндблад заявіў, што будзе
настойваць, каб у дэлегацыі Беларусі былі таксама прадстаўнікі
апазыцыі. Ён спадзяецца, што беларускія ўлады праявяць тут пэўную
гнуткасьць. Апазыцыя павінна быць часткай дэлегацыі і мець роўныя правы
з бальшынёй. Што да астатняга, то ў Страсбуру “няма асобых крытэраў,
умоваў для аднаўленьня статуса адмысловага госьця”.
“Крытэраў
няма, ёсьць толькі дыялёг. У нас ёсьць адзінае патрабаваньне — гэта
ўдзел сяброў апазыцыі ў беларускай дэлегацыі. А самі крытэры
ўзьнікнуць, калі Беларусь атрымае сталае, паўнавартаснае сяброўства.
Цяпер, калі абмяркоўваецца пытаньне адмысловага статусу Беларусі,
робіцца ўпор на тое, ці ідзе Беларусь па правільным шляху. І цяпер
зь Беларусі паступаюць сыгналы, што Беларусь ідзе ў правільным кірунку
да дэмакратызацыі. Але цяпер час працаваць, а не толькі гаварыць.
І трэба рабіць рэальныя крокі адносна свабоды мэдыяў, сходаў. Але
таксама ёсьць сталыя сябры Рады Эўропы, дзе назіраецца рух назад.
А ў Беларусі ўсё ж ёсьць рух наперад”.
Падводзячы вынікі
перамоваў у Менску старшыня палітычнага камітэту ПАРЭ Ёран Ліндблад
адзначыў, што асноўнай мэтай візыту было высьвятленьне настрояў
ва ўрадзе, парлямэнце, апазыцыі, няўрадавых арганізацыях
і ў журналістаў. Ён адзначыў, што з прадстаўнікамі ўладаў абмеркаваны
шэраг пытаньняў, сярод іх скасаваньне сьмяротнага пакараньня і свабода
мэдыяў. А ці пыталася дэлегацыя ПАРЭ пра палітычных зьніклых
у Беларусі, якім прысьвечаны даклады Хрыстаса Пругурыдэса?
“Мы абмяркоўвалі
абодва даклады Пургурыдэса. Нам сказалі ўлады, што ідзе
расьсьледаваньне, але асабіста я ня бачу вынікаў гэтага
расьсьледаваньня. І сёньня генпракурор мне паабяцаў, што ён прадставіць
да чэрвеня мэмарандум з апошнімі дадзенымі аб ходзе расьсьледаваньня.
Я чакаю яго”.
Паводле Ёрана Ліндблада, палітыка ізаляцыі не дала
вынікаў. І цяпер парлямэнтарыі імкнуцца аднавіць статус “адмыслова
запрошанага” для Беларусі ў ПАРЭ. І калі Беларусь стане сябрам Рады
Эўропы, то грамадзяне атрымаюць магчымасьць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд
па правах чалавека. Таксама ён адзначыў, што мінулыя выбары ў Беларусі
не прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі і яны не адпавядалі стандартам
Рады Эўропы. Спадар Ліндблад ня можа паверыць, што ніводзін апазыцыянэр
ня змог трапіць у парлямэнт. “Нават у Іране ёсьць апазыцыя
ў парлямэнце”, — заявіў парлямэнтар.
З чым жа зьвязана
актывізацыя эўраструктураў — усьлед за дэлегацыяй ПАРЭ ў Менск
прыяжджае генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна. Паводле
спадара Ліндблада, яму невядомыя мэты візыту спадара Саляны. І яны
ні аб чым не дамаўляліся.
“Эўразьвяз таксама вядзе палітыку
на шляху да адкрыцьця Беларусі, і гэта прадмет згоды ўсіх 27 сяброў
ЭЗ. І таксама мой міністар замежных спраў Швэцыі заявіў, што прыйшоў
час адкрываць Беларусь, ісьці ў дыялёгу на ўсход. Я з гэтым згодны, бо
ў нас агульная мэта. Ізаляцыя гэта не варыянт, хаця ізаляцыя дапамагла Фідэлю Кастра
доўга заставацца ля ўлады. Усё роўна ізаляцыя гэта не варыянт.
І ў ЭЗ таксама гэта зразумелі. І там, і ў нас ёсьць агульныя інтарэсы —
гэта ня толькі правы чалавека, дэмакратыя, вяршэнства закону. А гэта
і эканамічныя інтарэсы, энэргетыка. І мы павінны ўмацоўваць нашыя
стасункі”.