Галоўная » 2009»Люты»18 » Гомель: дырэктара судзяць за крадзеж 8 мільярдаў
Гомель: дырэктара судзяць за крадзеж 8 мільярдаў
13:56
Гомельскі абласны суд
працягвае слуханьні крымінальнай справы ў дачыненьні да былога
генэральнага дырэктара Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбіната
Міхаіла Комара.
Яго
абвінавачваюць у буйным крадзяжы праз злоўжываньне службовымі
паўнамоцтвамі. Крымінальным кодэксам за гэта прадугледжваецца
пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці й
пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.
У Рагачове на малочна-кансэрвавым камбінаце
ведаюць пра суд над былым кіраўніком. Вось што кажуць былыя
падначаленыя Міхаіла Комара:
“Ён забясьпечваў працай наш
малочны камбінат. Дысцыпліна была, нічога тут ня скажаш. Ён дысцыпліну
трымаў. Усе працавалі. У сэзон працавалі часам так, што толькі два дні
на месяц давалі выходныя”, — распавядае спадар Мікалай.
“Яны
там, у Расеі, збыт знаходзілі. Арганізавалі нейкае дылерскае
прадпрыемства. У Маскве быў прадстаўнік нашага малочна-кансэрвавага
камбінату. Знаходзілі пакупнікоў і адпраўлялі вагонамі прадукцыю ў
Расею”, — дадае рабочы Пятро.
Паводле сьледзтва, якраз праз маскоўскае прадстаўніцтва камбінату, якое ачольваў сын генэральнага дырэктара Міхаіла Комара, і было скрадзена цягам 2006—2008 гадоў звыш 8 мільярдаў рублёў. Сьледзтва вяла Гомельская ўправа КДБ.
З
расейскімі фірмамі заключаліся дамовы на аказаньне прадстаўніцтву
Рагачоўскага камбінату рэклямных паслугаў, а пералічаныя на рахункі
фірмаў грошы пераводзіліся ў гатоўку.
Мінулым летам, калі
57-гадовы дырэктар Комар ляжаў у шпіталі, яго арыштавалі. Сыну спадара
Комара ўдалося схавацца. Нядаўна яго адшукалі ў Гішпаніі. Пасьля
экстрадыцыі над ім таксама павінен адбыцца суд.
Пасьля зьмены
кіраўніцтва на Рагачоўскім малочна-кансэрвавым камбінаце працаўнікі
спачатку адчулі былі зьмены на лепшае. Цяпер, аднак, заробкі зьніжаюцца.
“Як
толькі дырэктар новы прыйшоў, у першы месяц адчулі, што заробак
падвысіўся. Але ўжо сёлета ў студзені заробкі ў рабочых зьнізіліся. А ў
лютым, кажуць, яны будуць яшчэ меншымі”, — распавяла адна з працаўніц
Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату.