На гэтых выбарах ў Палату
прадстаўнікоў інтрыгі не было. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня
ніхто з апазыцыі не атрымаў дэпутацкага мандата. Выбары выйгралі людзі,
якія адносяцца да сярэдняга зьвяна дзяржаўна-гаспадарчай намэнклятуры,
прычым у першым туры і з вялікім адрывам ад супернікаў. Сьпіс абраных
дэпутатаў, агучаны старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай,
амаль цалкам супаў з апублікаваным тыдзень таму “Народнай воляй”
сьпісам зацьверджаных уладай кандыдатаў, прысланым у рэдакцыю гэтай
газэты ананімным чыноўнікам. Адзінай неспадзяванкай кампаніі стаў хіба
што пройгрыш Віктара Кучынскага дырэктару ЗАТ Аляксандру Зазулю ў Кобрыне.
Апазыцыйныя
кандыдаты скардзіліся на перашкоды ў арганізацыі назіраньня за падлікам
галасоў, на ўжываньні ўладай адміністратыўнага рэсурсу з мэтай
забясьпечыць вялікую яўку на датэрміновае галасаваньне і іншыя
парушэньні. Апазыцыя не прызнала вынікі выбараў і правяла ўчора ўвечары
ў цэнтры Менску акцыю пратэсту.