“Сытуацыя напярэдадні выбараў у Беларусі застаецца
несуцяшальнай. Дасюль няшмат сыгналаў, што выбары 28 верасьня будуць
значна адрозьнівацца ад ранейшых выбараў, якія не адпавядалі стандартам
АБСЭ”, – пішуць палітыкі.
Яны выказваюць занепакоенасьць тым, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў
ад Захаду прызнаньня вынікаў выбараў як “дэмакратычных” і заявіў, што,
калі гэтага ня будзе, яго ўрад спыніць усе спробы палепшыць сытуацыю.
“Мы разглядаем гэтую заяву як адступленьне ад дэмакратыі і абароны правоў чалавека”, – адзначылі Гастынгс і Кардын.
Гастынгс
адзначыў: “У сакавіку 2006-га я кіраваў місіяй назіральнікаў у Менску –
я ня маю сумневаў, што вельмі шмат усяго мае быць выпраўлена. Але,
кажучы так варта, аднак, заўважыць, што калі беларускія ўлады
прадэманструюць канкрэтную гатовасьць палепшыць стан дэмакратыі і
правоў чалавека, я думаю, што ЗША маюць быць адкрытымі да ўзважанага і
адпаведнага ўзаемадзеяньня”.
Кардын дадаў, што “цягам 12 гадоў
кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пануе сыстэматычны кантроль
уладаў над грамадзтвам, уціск незалежных СМІ і грамадзкіх арганізацыяў,
гвалт супраць мірных дэманстрантаў, і гэта ўсё прывяло Беларусь да
самаізаляцыі”.
Сустаршыні Хэльсынскай камісіі ЗША адзначылі, што цяпер чакаюць высноваў АБСЭ адносна зрухаў у Беларусі.
“Цягам
таго кароткага часу, што застаецца да выбараў, мы спадзяемся, што
беларускі ўрад зробіць неадкладныя крокі, каб палепшыць умовы для
выбараў – забясьпечыць празрыстасьць цягам усяго працэсу галасаваньня,
у тым ліку і папярэдняга, і свабодны доступ да назіраньня для АБСЭ. Мы
шчыра спадзяемся на гэта – народ Беларусі заслугоўвае свабоды, якую мае
бальшыня іх братоў-эўрапейцаў”, – заявілі Гастынгс і Кардын.