Былы палітвязень А. Казулін у Нью-Ёрку сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам і дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс.
Як заявіў Аляксандар Казулін Радыё Свабода пасьля сустрэчы, пад час
гутаркі ён "адчуў сапраўдную зацікаўленасьць Буша і Райс праблемай
Беларусі. Больш за тое -- я зразумеў, што і
будучая адміністрацыя Белага Дому, якая б яна не была, будзе ўважліва
ставіцца да сытуацыі ў Беларусі".
Пасьля гутаркі з Джорджам Бушам і Кандалізай Райс
Аляксандар Казулін сустрэўся са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і
лідэрамі беларускай дыяспары ЗША.
Вось што сказаў былы палітвязень Радыё Свабода перад адлётам з ЗША ў Эўропу.
“Сёньня адбылася сустрэча з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам і Дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс, а таксама жонкай прэзыдэнта Лорай Буш.
Гэта была вельмі цікавая сустрэча, у якой бралі ўдзел вядомыя змагары
за свабоду, за правы чалавека, яскравыя дысыдэнты з розных краінаў --
Бірмы, Вэнэсуэлы, Сірыі, Эгіпту, Кубы... Прысутнічалі спадары Вітаўтас Ландсбэргіс і Гары Каспараў. Прэзыдэнт
Буш сказаў яскравую прамову пра тое, што ён як рабіў моцныя крокі, каб
змагацца за дэмакратыю, свабоду і права чалавека. так і зараз
змагаецца. На гэтай сустрэчы было адзначана, што фундамэнтальныя
чалавечыя каштоўнасьці, правы чалавека, свабода -- гэта галоўнае ў той
пазыцыі, якую займаюць ЗША. Было вельмі дакладна адзначана і самім
Джорджам Бушам, і прысутнымі, што нельга паступацца прынцыпамі”.