Вядучыя дыпламаты Еўрасаюза кажуць пра неабходнасць
"заахвоціць" паводзіны афіцыйнага Мінску. У Брусэль будзе запрошаны
міністр замежных спраў Беларусі, зноў уздымаецца пытанне пра зніжэнне
кошту візаў для грамадзян нашай краіны.
Шэраг вядучых дыпламатаў ЕС заклікалі да змякчэння адносінаў з
Беларуссю пасля таго, як яе ўлады выпусцілі палітзняволеных і
адмовіліся прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі."Беларусь прыняла шэраг важных рашэнняў па вызваленні
палітзняволеных. Мы б вельмі хацелі знайсці штосьці з нашага боку, каб
заахвоціць такія паводзіны", - заявіў камісар ЕС па знешняй палітыцы
Хаўер Салана.
Як паведамляе Reuters, еўрапейскі камісар па міжнародных сувязях
Беніта Ферэра-Вальднер
адзначыла, што прыйшоў час зноў распачаць дыялог на вышэйшым узроўні з
Беларуссю. Яна прапанавала запрасіць кіраўніка МЗС Беларусі на сустрэчу
з яго калегам з ЕС у Брусэль і знізіць кошт візаў для грамадзян
Беларусі, якія ўязджаюць у краіны ЕС.
Як паведамляе "Радыё Свабода", паводле польскіх мэдыяў, ініцыятарам дыскусіі выступіла Польшча.
Як заявіў міністар Радаслаў Сікорскі,
“Эўразьвяз павінен паскорыць гэтае рашэньне, бо сытуацыя зьмянілася”.
Паводле ягоных слоў, “палітвязьняў больш няма, а таму размова ідзе пра
тое, каб правесьці дыскусію адносна выпрацоўкі дарожнай мапы
нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю".
Польскі міністар ў якасьці
аргумэнту прывёў кубінскі прыклад. Ён сказаў, што ЭЗ адмяніў санкцыі
супраць Кубы, дзе маецца амаль 300 палітвязьняў, а супраць Беларусі,
дзе вязьняў няма, санкцыі захоўваюцца. Тым часам, паводле міністра, “у
параўнаньні з Кубай у Беларусі, хоць яна яшчэ і далёкая ад эўрапейскіх
стандартаў, куды больш свабоды рэжым, там можна весьці бізнэс,
падарожнічаць і там няма палітычных вязьняў".
Паводле чыноўнікаў
ЭЗ, адным зь ключавых момантаў у беларускай сытуацыі ёсьць наступны: ці
падпарадкуецца Беларусь уплыву Расеі у пытаньні прызнаньня
незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Як заявіў міністар замежных
спраў Эстоніі Урмас Паэт, “Беларусь мае рэальную
магчымасьць прасунуцца бліжэй да заходняй Эўропы, калі яна таксама,
падобна ЭЗ, не прызнае гэтыя рэспублікі. Аднак, вядома, што Беларусь
цяпер знаходзіцца пад вельмі моцным ціскам Расеі”, - сказаў эстонскі
міністар.
У часе дыскусіі міністраў па беларускім пытаньні было
адзначана, што ЭЗ таксама чакае ад Менску правядзеньня свабодных і
дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.