Гомельскі
гарвыканкам праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі папярэдзіў
гараджанаў, каб не набывалі прадукты харчаваньня на несанкцыянаваных
рынках.
У горад
могуць патрапіць харчы з суседняй Украіны, дзе нядаўна з-за моцных
ліўняў была вялікая паводка. Шмат дзе размыла каналізацыю, падтапіла
жывёлагадоўчыя фэрмы, пагосты.
Спэцыялісты не выключаюць выбухаў вострых кішэчных інфэкцый, у тым ліку нават халеры.
Нягледзячы
на папярэджаньні, стыхійны гандаль у Гомелі блізу вакзалаў, на бойкіх
вуліцах не спыняецца. І купляюць людзі ня толькі прамысловыя вырабы,
але й харчы — тварог, малако, цукеркі, шакалядкі, кансэрвы, каўбасу,
рачную рыбу.
Чаму ж гараджане паводзяць сябе так неабачліва, не
зважаючы на папярэджаньні ўладаў? Тым больш што на стыхійныя рынкі
могуць патрапіць і заражаныя радыяцыяй харчы.
“Дзе даводзіцца,
там і купляем. А што, на пэнсію можна пражыць? Калі схадзіць разоў пяць
у краму, дык і пэнсіі ня хопіць. Што там дабавілі? Дабаўляюць, а ў
магазынах усё ў дзесяць разоў даражэе”, - гаворыць гомельская
пэнсіянэрка.
Спадарыня Кацярына кажа, што імкнецца харчы купляць у крамах. Але не заўсёды:
“Шукаеш,
што таньней. Цяпер у Беларусі й ва Ўкраіне — усё аднолькава. Радыяцыя
гэтая… Мы ўжо нічога не баімося — перабаяліся. Нам ужо розьніцы няма:
што будзе, тое й будзе — абы толькі таньней. Заплаціш за кватэру, а
пасьля разважаеш: што купіць, а паўз што прайсьці”.
Пэнсіянэрка,
якая не схацела назваць сваё імя, сьцьвярджае, што ня толькі на вуліцы,
але й у краме можна нарвацца на няякасную прадукцыю:
“Тваражок
купіла, кусочак застаўся, дык, прабачце мяне, ведаеце, чым ён
засьмярдзеў? Кал лепей сьмярдзіць, чым тваражок. Вось вам і ў краме”.
Пасьля
Чарнобыльскай катастрофы тутэйшы люд збольшага прызвычаіўся да розных
нечаканасьцяў. Нават радыяцыйная сытуацыя не выглядае цяпер нечым
экстрэмальным. На радыяцыйных землях сеюць збожжа, бульбу, іншыя
культуры. Сёлета ў рэгіёне рапартуюць пра мільённы намалот збожжа.
І
няважна, што, напрыклад, у тым жа Хойніцкім раёне практычна ўсё збожжа
заражанае стронцыем. Нават навукоўцы ня бачаць у радыяцыі асаблівай
бяды.
Меркаваньне навуковага супрацоўніка Інстытуту радыялёгіі Аляксея Самусева:
“Унось
калій — і ўсё будзе ў парадку: цэзій будзе ляжаць у зямлі. Ужо ж
прайшло дваццаць два гады. Амаль адбыўся паўраспад. Ужо ў любым выпадку
ў два разы радыяцыя зьмяншаецца, нават калі б мы нічога не рабілі. А мы
ж яшчэ контразахады робім. Засталася праблема стронцыю, але ня ўсюды.
Калі поле заражана 0,5 кюры на стронцый, то збожжа атрымліваецца ў
межах дапушчальных узроўняў. Калі дзе вышэй, імкнуцца людзі ня сеяць. І
мясцовыя ўлады павінны іх стрымліваць”.