Панядзелак, 21.10.2019, 11:13
Вольны Мазыр! Усё аб Вольным Мазыры, і не толькі.
Галоўная | Рэгістрацыя | УваходНа галоўную старонкуДадаць у абранаеКарта сайтаПошукКантакт
Меню сайту
Галоўная старонкаГалоўная старонка
ГасцёўняГасцёўня
ФорумФорум
ФотаальбомФотаальбом
МультымедыяМультымедыя
Анлайн гульніАнлайн гульні
Вольная музыкаВольная музыка
ГороскопГороскоп
Гісторыя горадаГісторыя горада
Карта горадаКарта горада
СпасылкіСпасылкі
Акцыі і мітынгіАкцыі і мітынгі
Парады праваабаронцыПарады праваабаронцы

Аб сайцеАб сайце
Зваротная сувязьЗваротная сувязь
Падзелы навін
Беларусь [69]
Мазыр [79]
Культура [29]
У свеце [12]
Палітыка [160]
Грамадства [99]
Армейскі дзёньнік [9]
Спорт [19]
Рэклама
Наша апытанне
Лідары апазіцыі кажуць пра незалежнасьць,але атрымліваюць дэведэнты з ЗША. Апазіцыя залежыць ад ЗША?
Усяго адказаў: 47
Лічыльнік
Rating All.BY Каталог TUT.BY
Галоўная » 2008 » Сакавік » 2 » Рок каранацыя
Рок каранацыя
15:50

У часе сёлетняй штогадовай цырымоніі ўганараваньня айчынных рок-гуртоў на сцэну выйшлі ці не ўсе забароненыя колісь выканаўцы. Некалькі крышталёвых каронаў музыкі атрымалі з рук апальных пісьменьнікаў і мастакоў.

Тое, што на Каранацыі выступяць гурты з «чорнага сьпісу», стала вядома яшчэ напрыканцы студзеня. Аднак, гледзячы па рэакцыі гледачоў, шмат хто зь іх да апошняга ня мог паверыць у сваё шчасьце — выхад на сцэну «N.R.M.», чый лідэр Лявон Вольскі шматзначна пакашліваў у мікрафон, наладжваючы гітару, быў сустрэты хваляй захапленьня. Энэрэмаўцы выканалі дзьве песьні — «Менск і Мінск» і «Мама,тата — гэта я». Апошнюю традыцыйна — разам зь дзеткамі. Затым вядучыя цырымоніі — музыкі і ды-джэі «Эўрарадыё» Аляксандар Памідораў ды Маша Лагодзіч, перайшлі ўласна да абвяшчэньня пераможцаў «Рок-каранацыі 2007». Аляксандар ды Маша цягам вечару колькі разоў зьмянялі строі — ад строгіх да несур’ёзных. Кароны і дыплёмы на сцэну выносілі прыгажуні ў сукенках адна лепш другой.

Адкрыцьцём году стаў гурт «Дзеці дзяцей». Яго салістка Ганна Хітрык, акторка Купалаўскага тэатру, прэмію атрымала з рук пісьменьніка і мастака Адама Глёбуса, які адпусьціў сьпявачку да мікрафону толькі пасьля сэрыі пацалункаў. Выступ «Дзяцей» атрымаўся надзвычай эмацыйны і быў прыхільна сустрэты публікай. На прыз у гэтай катэгорыі прэтэндавалі таксама гурты «Indra» і M.L.A.

У намінацыі «Прарыў году» карону атрымалі «Фляўс і Кляйн» з Наваполацку. Хлопцы адзначылі перамогу над «Тарпачом», які таксама цягам году прарываўся да ўзнагароды, пэрформансам з выцісканьнем памідору, скокамі і поўзаньнем па сцэне.

Кліпам году, а таксама найлепшай песьняй году аўтарытэтнае журы прызнала «Капітал» Ляпіса Трубяцкога. Паколькі Сяргей Міхалок і К зьехалі на гастролі ў Кіеў, прэмію атрымаў рэжысэр кліпа Аляксей Церахаў. Ён сьціпла нагадаў, што дзесяць год таму зрабіў кліп да песьні «Ляпісаў» «Ау», таму яму вельмі прыемна, што «празь дзесяць год яго нарэшце адзначылі». Аляксандар Памідораў шматзначна запытаўся ў залі, ці ўсе бачылі ўзнагароджаны кліп і ці ўсе яго вэрсіі.

Выканаўцу году слухачы вызначылі праз сайт «Тузін Гітоў» — ім стаў Лявон Вольскі, які выйшаў на сцэну ў складзе «Крамбамбулі» разам з салісткай Белдзяржфілармоніі Нінай Цішко. Прыз Лявон Вольскі атрымаў ад мастака Алеся Марачкіна. Памідораў заўважыў: «Паколькі вашыя здымкі пачалі зьнікаць з кніжак, то хоць паглядзім на вас жыўцом».

Другую частку канцэрту распачаў «Палац». Пасьля выкананьня дзьвюх кампазыцыяў лідэр гурту Алег Хаменка нечакана папрасіў зайграць і трэцюю. Агульнае адабрэньне залі прымусіла рэціравацца вядучых за кулісы. Затым Алег Хаменка ўручыў карону гурту з Магілёву «OSIMIRA», які перамог у намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць». Заснавальнік і ўдзельнік этна-гурта Андрэй Паўлаўчэня падзякаваў Хаменку за гонар пераняць слаўныя традыцыі беларускага фольку словамі «Дзякуй, тату».

Рок-князёўнай стала вакалістка гуртоў «Тарпач» і «Zygimont Vaza» Вольга Самусік. Яна шчыра прызналася, што ня ведала пра існаваньне такой намінацыі. На што Аляксандар Памідораў патлумачыў: «Намінацыю давялося вярнуць на «Каранацыю», бо прэтэндэнтак на яе, на шчасьце, што разу ўсё больш». Публіка, аднак, неадназначна паставілася да манэры выкананьня Вольгі. Калі тая прапанавала песьню для ўсіх закаханых «Ахвяры лібіда», з залі пачулася рэпліка з ноткамі адчаю ў голасе: «А можа ня трэба?!».

«Тарпач» на сцэне зьмяніла «Крама», якая сёлета прэтэндавала адразу на дзьве намінацыі — альбом году і песьня году. У залі паўставалі людзі, сярод якіх багата было мужчынаў — аднагодкаў Ігара Варашкевіча, якія бадзёра танчылі пад пасталелую на 20 год «Стэфку». Што праўда, адзін строга апрануты дзядзечка ў першым шэрагу, які праз увесь канцэрт ніводнага разу не ўсьміхнуўся і не паапладзіраваў музыкам, увогуле заснуў.

Расейскі тэлеканал А-ONE, які акурат у лютым адчыніў у Менску сваё прадстаўніцтва, уручыў уласны прыз гурту «Этна-трыё Троіца». Генеральны дырэктар тэлеканалу ў Беларусі Алег Скарабагаты перадаў «Троіцы» адпаведны сэртыфікат, які гарантуе прасоўваньне і шчыльную ратацыю яго кліпу «Тры янгалы» на тэлеканале. Да ўсяго, менавіта на А-ONE можна будзе пабачыць тэлевэрсію цырымоніі «Рок-Каранацыя-2007».

Альбом «Калыханкі» гурта «WZ-Orkiestra», запісаны пры падтрымцы дзіцячага фонду ААН UNISEF, стаў праектам году. У часе атрыманьня прэміі, каардынатарка праекту Юлія Ляшкевіч заявіла, што прысьвячае гэтую перамогу памяці Ірыны Казулінай. Гледачы віталі яе заяву воплескамі.

А альбом «Neuro Dubel» «Stasi» стаў галоўным альбомам году. «Дзюбелі» выканалі толькі адну песьню, каб адразу пасьля кароткага сыходу са сцэны вярнуцца па галоўны прыз «Каранацыі» — Рок-Карону (гурт году). Пісьменьнік Ўладзімер Арлоў, аддаючы Аляксандру Кульлінковічу галоўную карону, распавёў даўнюю гісторыю пра прыезд у Полацак Уладзімера Мулявіна зь «Лявонамі», калі канцэрт ансамблю апынуўся пад пагрозай з-за даўжыні валасоў музыкаў: «Я тады быў дзясяціклясьнікам, слухаў «Бітлоў» і «Ролінгаў» і скептычна ставіўся да свайго. На шчасьце Мулявін паслухаўся галоўнага ідэоляга і схадзіў у цырульню. Такім чынам ува мне прачнулася зусім новая істота». Уладзімер Арлоў падарыў лідэру «Neuro Dubel» колькі сваіх кніжак, у якіх былі тэксты як пра «Лявонаў», так і пра Stasi. На разьвітаньне пісьменьнік падзякаваў беларускім гуртам, якія «здольныя зьмяніць да лепшага цэлае пакаленьне, дорачы маладым пачуцьцё Свабоды».
Neuro Dubel. Stasi
Аляксандар Кульлінковіч, які ўжо другі раз атрымаў гэты прыз, шчыра радаваўся перамозе разам з заляй, якая ад пачатку цырымоніі скандавала «Нэйра Дзюбель».

Вядома, што большасьць гледачоў незнаёмая з асаблівасьцямі ды акалічнасьцямі падрыхтоўкі «Рок-каранацыі». У фае канцэртнай залі можна было пачуць словы пра тое, што нарэшце ў Менску надарылася магчымасьць патрапіць на добры канцэрт ды пабачыць разам на сцэне ўлюбёных музыкаў. Маладыя людзі з захапленьнем абмяркоўвалі афармленьне сцэны, добры гук і камэру, што лётала над галовамі гледачоў. Тым часам, у арганізатараў штогадовай цырымоніі свае пытаньні да імпрэзы. Так, музычны партал «Тузін гітоў» заявіў пра выхад зь ліку арганізатараў і абвесьціў пра стварэньне сваёй музычнай прэміі.

Варта адзначыць тых, хто вызначаў сёлета галоўных беларускіх рок-герояў 2007 году. Гэта Сяргей Анішчанка (дырэктар фэстывалю «Рок-Кола»), Тацяна Заміроўская (музычны аглядальнік «Белорусской газеты»), Радэк Дамброўскі (арганізатар фэстывалю «Басовішча»), Сяргей Будкін (галоўны рэдактар парталу «Тузін Гітоў»), Давід Блюўштэйн (прадзюсар фэстывалю «be2gether»), Віктар Сямашка, (музычны журналіст, радыё Юністар), Зьміцер Падбярэскі (музычны журналіст), Юры Цыбін (заснавальнік цырымоніі «Рок-Каранацыя»), Віталь Супрановіч (кіраўнік лэйблу БМА-груп), Валік Грышко (рэдактар MTV у Беларусі), Максім Жбанкоў (журналіст, культуроляг), Маша Яр (музычны рэдактар «Аўтарадыё»), Павал Кашырын (арганізатар рок-канцэртаў), Віктар Пазьнякоў (мэнэджэр беларускага каталёгу кампаніі West Records), Кацярына Пытлева (музычны журналіст, Першы музычны канал) і Віктар Гольцаў (кіраўнік лэйблу Go-records).

Сямён Печанко

Катэгорыя: Культура | Праглядаў: 857 | Дадаў: Крокус | Рэйтынг: 0.0/0 |
Усяго каментароў: 0
Имя *:
Email *:
Усе смайлы
Код *:
Форма ўваходу
Лагін:
Пароль:
Каляндар навін
«  Сакавік 2008  »
ПнАўСрЧцПтСбНд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Дакладны беларускі час
Рэклама
Надвор'е
Надвор'е ў Мазыры
Інфармацыя сайта pogoda.by
Курсы валют
Трохі аб вас
Даведайся пра свой IP адрас
Статыстыка

Анлайн усяго: 1
Госцяў: 1
Карыстальнікаў: 0
LiveInternet
Copyright Вольны Мазыр © 2007 - 2019 Конструктор сайтов - uCoz