«Эратычная бомба», якую ў Маскве зьбіраліся ўжыць супраць Аляксандра Лукашэнкі, мяркуючы з усяго, абясшкоджаная.
Расейскі рэжысэр Аляксандар Валаў, аўтар скандальных стужак «Юлія» і «Міша» з героямі, падобнымі да прэм'ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі і прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, пры канцы 2006 году абвясьціў пра здымкі эратычнага фільма «Бацькава шчасьце», дзе прататыпам – кіраўнік Беларусі. Аднак стала вядома, што пад пагрозай вялікіх непрыемнасьцяў Валаву настойліва парэкамэндавалі спыніць вытворчасьць фільма.
Ад пачатку сюжэт стужкі «Бацькава шчасьце» плянаваўся так: у беларускай глыбінцы працуе старшыня калгасу Лука. У яго, апроч працы, два захапленьні – спорт і жанчыны. Але ў калгас маецца прыехаць замежная дэлегацыя, і Лука, каб падтрымаць рэнамэ, выклікае з Масквы мадэляў, якіх пераўвасабляе ў даярак. Сэнс у тым, каб паказаць гасьцям: у гаспадарцы ўсё выдатна ня толькі ў эканамічным пляне, але й працаўніцы тут на зайздрасьць. «Маскоўскія даяркі» павінны былі стаць эратычным фонам у «Бацькавым шчасьці».
«Кіна ня будзе», а то «пасадзяць»
Усяго, на задуму рэжысэра Аляксандра Валава, меркавалася шэсьць эратычных сцэнаў, уключна з «шокавым» эпізодам у кароўніку. Але, як кажа аўтар, ад канца мінулага году амаль гатовы прадукт «замарожаны»:
«Фільм забаронены, прыпынены. Мяне проста папрасілі, каб я стужку спыніў здымаць, і яна засталася незавершанай. Паказальна, што чалавек, які павінен быў забясьпечыць фінансаваньне, быў у Карэі. Дык вось, яго з Карэі дасталі «на размову». А роўна праз суткі мяне ўначы паднялі, выклікалі ў гатэль «Нацыяналь» і там «прэсавалі». Я прапаноўваў, каб паглядзелі канчатковы прадукт і ўжо пасьля прынялі саламонава рашэньне. Але мне проста сказалі: спыніся! Як я зразумеў, гэта абмяркоўвалася нават на ўзроўні чыноўнікаў Крамля. Дый вашыя прадстаўнікі абвясьцілі: у выпадку выхаду карціны беларуская пракуратура можа мне 10 гадоў «упаяць».
Валаў сьцьвярджае, што ў стужцы ўдалося дасягнуць практычна 100-працэнтнага падабенства з рэальнымі пэрсонамі, а таксама праведзена шмат паралеляў з падзеямі ў Беларусі. «Наш кірунак – сэкс і сатыра. Будзе сьмешна і вельмі пазнавальна», – гаворыць аўтар. Аднак пасьмяяцца бліжэйшым часам наўрад ці ўдасца. А Валаў дагэтуль ня можа зразумець: чаму пра іншыя краіны здымаць можна, а Беларусь – як «цнатлівая карова»:
«Усё ж гэта больш палітычнае рашэньне, чым нейкія іншыя матывы. Пры гэтым я задаў пытаньне людзям, якія выходзілі да мяне на размову: чаму пра Ўкраіну ды Грузію здымаць можна, а пра «бацьку» нельга? Але мяне не пачулі. Матэрыялу зьнята шмат, аднак мы яго не мантажуем. Існуе толькі невялікі ролік, прома. Хоць, па сутнасьці, гэта самае дурное рашэньне, бо фільм рабіўся на ўзроўні камэдыі з выкарыстаньнем падобных пэрсанажаў. Але ён не насіў абразьлівы характар, як камусьці здалося, як намагаліся гэта падаць. Так, там пазнавальны кіраўнік краіны, аднак ён прадстаўлены не прэзыдэнтам, а старшынём калгасу».
На Лукашэнку была «палітычная замова»
Пра мастацкія каштоўнасьці порнатвораў Валава крытыкі ў лепшым выпадку маўчаць. Аднак забараняць экспэрымэнты і тым больш прэвэнтыўна пагражаць крымінальнай адказнасьцю – такога ў практыцы рэжысэра яшчэ не было. Як кажа Валаў, ня варта ўпадабляцца Гітлеру, які хацеў, каб гестапа пакарала Чарлі Чапліна за тое, што той спарадзіраваў яго ў камэдыі «Вялікі дыктатар”:
«Адразу скажу, што гэта не маё было волевыяўленьне. Гэта была канкрэтная замова. Не з маёй хворай галавы выйшла, што трэба здымаць такі фільм. Атрымаў заказ, за кароткі тэрмін зрабілі сцэнар, і з улікам таго, што ўсё ж чалавек зьяўляецца дзяржаўным дзеячам яшчэ і саюзнай, братняй дзяржавы, то зроблена ўсё ў жанры камэдыі. І калі б фільм усё ж вышаў, я ня думаю, што ён абразіў бы кіраўніка вашай краіны. Але, відавочна, напужаліся выхадам папярэдняга фільма «Юлія» і падумалі, што гэта можа прывесьці да палітычнага скандалу».
Карэспандэнт: «А замова ўсё ж была з расейскага боку ці беларускага?»
«А-а-а… (сьмяецца). А можна я ня буду раскрываць гэтае пытаньне? Таму што людзі ўсё ж яшчэ дзейныя ў палітыцы. Дый я таксама не хачу, каб у мяне былі праблемы ў многіх маіх рэчах, у працы. Бо ў наш час рознае магчыма...»
Пакуль “Бацькава шчасьце” марынуецца на паліцах, у распараджэньне журналістаў трапіла некалькі здымкаў, як сьцьвярджаецца, са здымачнай пляцоўкі. На іх чалавек, досыць аддалена падобны на Лукашэнку, спрабуе наладзіць інтымную сувязь з кімсьці, яшчэ меней падобным на даярку.
Тым часам Валаў заявіў: калі яму не даюць зьняць “Бацькава шчасьце”, то ён увекавечыць сябра Лукашэнкі – прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Эратычным пляцдармам стужкі “Палкоўнік Уга” абраная рэзыдэнцыя “дядзькі Федзі”, вобраз якога сьпісаны з кубінскага лідэра Фідэля Кастра.
|