Лявон Вольскі зьняў трэш-відэа да песьні «Эўравізія». Новая песьня
зьдзівіць і зьбянтэжыць нават сталых прыхільнікаў «Крамбамбулі» – гэта
100-працэнтнае мінімалістычнае трэш-дыска, запісанае з дапамогай
старэнькага сынтэзатара Kurzweil. Тэкст кампазыцыі цалкам адпавядае яе
аранжыроўцы: «А я спяваю так афігіцельна, што я паеду на „Эўравізію“».
Лявон Вольскі сьцьвярджае, што песьня прыйшла да яго ў сьне. «Мне
прымроілася, што я прымаю ўдзел у адборышчы на „Эўравізію“. У патасным
белым гарнітуры, з напаўаголенымі танцоркамі і сьпяваю нешта павольнае,
у манеры Мікалая Баскава, а яны каўбасяцца, як на рэйве, – распавядае сьпявак. – Я прачнуўся сярод ночы ад уласнага сьмеху!»
Здымала кліп брыгада маладых менскіх аніматараў на чале з рэжысэрам Яўгенам Новашам, працы якога трапілі да Вольскага праз знаёмых. «Мне падалося, што іх чорны гумар і трэш-манера вельмі пасуюць да гэтага матэрыялу, – тлумачыць Лявон. – Асабліва ўсе гэтыя псэўдажахі з таматным соўсам».
Рэжысэр кліпу Яўген Новаш прызнае, што базісам для кліпу сталі ўласныя эмоцыі ад штогадовага гармідару вакол «Эўравізіі». «Ведаеце,
калі я чую пра ўсе гэтыя скандалы з адборышчамі ў нас і ў іншых
краінах, мне часам здаецца, што там сапраўдныя бойкі ідуць, толькі іх
ніхто не паказвае. Мы паспрабавалі павыдумляць на гэтую тэму, – гаворыць Яўген. – Наогул, мне здаецца, што пра „Эўравізію“ можна поўнамэтражны фільм жахаў здымаць. Будзе круцей за „Крык“!»
Запампаваць кліп можна тут Лявон Вольскі – Эўравізія (музыка і словы аўтара).