Віктар Януковіч у
дзяржаўным тэлеэфіры павесяліў гледачоў літаратурным канфузам,
зьвязаным з Чэхавым. Спачатку ён назваў Чэхава ўкраінскім
пісьменьнікам, а потым паэтам.
Віктар Януковіч абяцае
ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах падпісаць указ пра
рэстаўрацыю дома-музэя Антона Чэхава – "Белай дачы” ў Ялце”.
У чацьвер у эфіры дзяржаўнай тэлекампаніі "Крым” Януковіч заявіў, што
памятае пра юбілей Чэхава. Пры гэтым кандыдат у прэзыдэнты ад партыі
рэгіёнаў назваў Чэхава спачатку "ўкраінскім, расейскім пісьменьнікам”,
а потым – паэтам.
"Я ведаю і памятаю пра тое, што гэтымі днямі
сьвяткуецца 150-годзьдзе творчасьці Чэхава – украінскага, расейскага
пісьменьніка, а наогул, больш слушна сказаць: дзеяча ўсясьветнай
культуры,” – сказаў Януковіч.
Ён паабяцаў у 2010 годзе падпісаць
указ пра рэстаўрацыю музэю ў Ялце, «каб жыхары Украіны і іншах краін,
прыехаўшы ў Ялту, маглі пабачыць памятныя мясьціны зь біяграфіі і
гісторыі гэтага цудоўнага паэта, вялікага паэта Антона Паўлавіча
Чэхава”, – сказаў Януковіч.
Нагадаем, Аляксандар Лукашэнка гэтак
жа ў свой час прызнаўся, што любіць вершы Васіля Быкава, а таксама
прыгадаў гады вучобы Францішка Скарыны ў Ленінградзе.