Прапаноўваецца часовае спыненьне
навучаньня салдат ў грамадзянскіх ВНУ на час вайсковай службы, пра гэта
заявіў міністар абароны Леанід Мальцаў, прадстаўляючы ў Палаце
прадстаўнікоў новы законапраект “Аб статусе вайскоўцаў”, паведаміў
"Інтэрфакс". Ухвалены учора ў першым чытаньні
законапраект прадугледжвае таксама адказнасьць для вайскоўцаў
тэрміновай службы за ўдзел у дзейнасьці палітычных партыяў.
На думку Мальцава, вайсковец павінен узяць акадэмічны адпачынак у ВНУ з моманту прызыву ва Ўзброеныя сілы.
Ініцыятыву Міністэрства абароны камэнтуе экс-прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
Анатоль Паўлаў:
“Чарговае
глупства — чалавек перапыняе навучаньне. Самае галоўнае, што ніхто пры
гэтым ня думае, як на гэта адрэагуюць мазгі чалавека; галоўнае — нам
(ваенным) гэта патрэбна. Трэба служыць! Проста цікава: што ж у гэтым
добрага? Калі чалавек на паўтара года перапыняе навучаньне, то ўсё
за гэты час з галавы выветрываецца — і зноў з нуля пачынаць? Курс
ён закончыць, возьме акадэмічны адпачынак, пойдзе з другога курсу.
І ў выніку за гэты час забудзецца, што было на першым курсе. Гэта
неймавернае глупства, якое толькі можна было рэанімаваць ад савецкіх
часоў. Але, калі яны гэта прыдумалі, то ўрэшце зробяць.
А ўвогуле
каму патрэбная ў Беларусі такая армія, хто б мне патлумачыў? Напасьці
на кагосьці мы з такім войскам ня можам, і абараніцца самастойна
ні ад каго ня здолеем. Нам патрэбна армія ў 20 тысяч чалавек, а такіх
добраахвотнікаў мы заўсёды зможам знайсьці — для парадаў ці для
якіхсьці надзвычайных сытуацый. Але ніяк ня могуць суцішыцца гэтыя
генэралы ў лямпасах…”
Фактычна сёньняшняя ініцыятыва
генэрал-лейтэнанта Мальцава мае пад сабой толькі прапанову. У першым
чытаньні прапанова прынятая аўтаматычна, але яна мусіць быць
зацьверджаная дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у другім чытаньні, пасьля
яе будуць разглядаць сэнатары, пасьля чаго свой вэрдыкт мусіць
абвесьціць Аляксандар Лукашэнка. Аднак у беларускіх умовах падобныя
ініцыятывы рэдка вярталіся на дапрацоўку з-за сваёй відавочнай
немэтазгоднасьці.
svaboda.org