Кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам ў дэпутаты па
Станцыйнай выбарчай акрузе №25 у Мазырскі раённы Савет дэпутатаў
Уладзімір Целепун звярнуўся да Старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі
Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ярмошынай
Л.М з наступным лістом:
"Паважаная Лідзія Міхайлаўна!
Згодна арт. 66, ч. 2 Выбарчага кодэкса "…Пры падачы дакументаў асоба,
якая вылучана кандыдатам у дэпутаты, прад’яўляе пашпарт грамадзяніна
Рэспублікі Беларусь”.
Але цяперашняе выбарчае заканадаўства зусім не тлумачыць, як падаваць
дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі тым, хто па незалежных ад сябе
прычынах (шпіталізацыя, траўма, стыхійнае бедства і г.д.) не можа
асабіста зрабіць гэта ў кароткі дазволены законам прамежак часу.
У сувязі са знаходжаннем у вайсковым шпіталі (432-гі Галоўны ваенны
медыцынскі клінічны цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, г. Мінск)
ваеннаслужачы в/ч 48960 Вячорка Францішак Валянцінавіч, які вылучаецца ў
дэпутаты Мазырскага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання па
Станцыйнай выбарчай акрузе №25 шляхам збору подпісаў грамадзян, магчыма,
не зможа асабіста падаць дакументы ў Мазырскую раённую выбарчую камісію
ва ўстаноўленыя тэрміны.
Калі ж Ф.Вячорка будзе вернуты ў вайсковую часць да заканчэння тэрміну
падачы дакументаў на рэгістрацыю, магчыма, што камандаванне ў парушэнне
заканадаўства не дазволіць яму наведаць камісію. Ёсць абскарджаны ў
ваенную пракуратуру прэцэдэнт, калі в.а. камандзіра часткі маёр
У.І.Ігнацік у парушэнне заканадаўства і без абгрунтавання не дазволіў
збіраць подпісы за Ф.Вячорку ў часці.
ПРАШУ даць рэкамендацыі і растлумачыць парадак падачы дакументаў на
рэгістрацыю ў гэтым выпадку.
Прашу даць дазвол на падачу дакументаў для рэгістрацыі кандыдатам у
дэпутаты Вячоркі Ф. В. мне, Целепуну Уладзіміру Андрэевічу, кіраўніку
яго ініцыятыўнай групы №9.
Спадзяюся на станоўчае рашэнне і спрыянне з Вашага боку забеспячэнню
канстытуцыйнага і выбарчага права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Вячоркі Францішка Валянцінавіча.
З павагай і святочнымі пажаданнямі 8 сакавіка Вас і усіх жанчын ЦВК
Уладзімір Целяпун.”