Гэта вынікае з падпісанага ўчора прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам указу №59.
У адпаведнасьці з папярэднімі дакумэнтамі, якія дзейнічалі ад
кастрычніка 2008, за мяжу накіроўваліся дзеці ва ўзросьце ад 7 да 14
гадоў. Прычым, колькасьць паездак кожнага зь іх у адну і тую ж краіну
ня мусіла перавышаць трох разоў.
Абмежаваньні былі ўведзеныя ў
сувязі з выпадкам ў ЗША, калі дадому ў Беларусь своечасова не вярнулася
16-цігадовая барысаўская школьніца Таня Казыра. Двума гадамі раней падобны інцыдэнт адбыўся ў Італіі з 10-цігадовай выхаванкай Вялейскага інтэрнату Вікай Мароз.
У
выніку гэтых выпадкаў Беларусь на пэўны час прыпыніла праграмы
аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой. Указам прэзыдэнта Лукашэнкі,
беларускім няўрадавым арганізацыям, якія па сутнасьці ладзілі гэтыя
праекты, было і дазволена накіроўваць дзяцей на аздараўленьне толькі ў
тыя замежныя дзяржавы, з якімі Беларусь заключыла міжнародныя дагаворы
адносна гарантыяў абавязковага вяртаньня беларускіх дзяцей на радзіму.
Гэтыя выстаўленыя беларускім бокам умовы супярэчылі канстытуцыям шэрагу
заходніх краінаў, напрыклад, Швэйцарыі, згодна зь якімі кожны чалавек
мае права зьвярнуцца па прытулак. У выніку Швэйцарыя, а таксама ЗША,
Канада летась не змаглі прыняць у сябе беларускіх дзяцей. Колькасны
склад чарнобыльскіх групаў істотна скараціўся.
Паводле
інфармацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, мінулым летам на
аздараўленьне за мяжу выехалі 28,7 тысячаў беларускіх дзяцей, то бок
амаль на 10 тысячаў меней чым пазалетась. Гэта пераважна такія краіны
як Італія, Нямеччына, Гішпанія, Ірляндыя. Паводле прадстаўнікоў
шэрагу чарнобыльскіх грамадзкіх арганізацый, наўрад ці новы ўказ
істотна паўплывае на павелічэньне колькаснага складу групаў. Бо сам
інтарэс замежных партнэраў да арганізацыі адпачынку чарнобыльскіх
дзяцей істотна скараціўся. Сярод прычынаў называецца фінансавы крызыс а яшчэ . "адзяржаўленьне” праекту аздараўленьня.
Як лічыць Генадзь Грушавы,
які 20 гадоў таму быў адным са стваральнікаў грамадзкага руху "Дзецям
Чарнобыля”, "калі дзяржава спрабуе кантраляваць тое, што адбываецца на
ўзроўні прыватных няўрадавых кантактаў — гэта фактычна крок па
зьнішчэньні ўсёй гэтай дзейнасьці. Нашых дзяцей за мяжой прымалі не
дзяржаўныя ўстановы, а грамадзкія аб’яднаньні і дабрачынныя ініцыятывы.
У кодэксах іх краін не прадугледжана заключаць пагадненьні з
дзяржаўнымі структурамі, на чым апошнім часам настойваў беларускі бок.
Увесь гэты час ўсе паездкі рабіліся на падставе дамоваў няўрадавых
арганізацый. А таму Ініцыятыва дапамогі чарнобыльскім дзецям сустракала
такі актыўны водгук сярод замежных грамадзянаў”.
Дабрачынны фонд
"Дзецям Чарнобылю” за час свайго існаваньня, з 1989 году, накіраваў на
аздараўленьне ў розныя краіны сьвету больш за 200 тысяч дзяцей зь
Беларусі.
|