1 чэрвеня. Летняя работа
Лета прынесла работы.
На пазіцыі разгарэлася бурлівая дзейнасьць. Камбат аб’явіў аб змаганьні
з травой. Прыгрэла сонца, і шматлікія гектары баявой пазыцыі параслі
быльлём. А каса-то ў нас адна. Косім па графіку. Вострым інструмент,
ізноў косім. Трое салдатаў будуюць стрэльбішча. Ужо зусім хутка нам
абяцаюць, што ня прыйдзецца нікуды ехаць, каб пастраляць з казённых
калашоў. А то стрэлілі тры патроны паўгода назад — так і забылі. А мне
трэба практыка, бо, па баявым разліку, я стралок акопа № 4.
Наша
станцыя ўяўляе сабой вялізны грузавы прычэп з вялізнай антэнай. Яна
стаіць на стромкім узгорку і ў выпадку раптоўнай перадыслякацыі яе
будзе праблематычна спусьціць. І тут спатрэбіліся салдаты. Як тыя
эгіпцяне на будаўніцтве пірамід, з усёй пазіцыі сваімі рукамі ці на
ЗіЛе сьцягваем камяні, кавалкі арматуры, бетонныя блёкі, рэшткі старой
агароджы і зацягваем усё на горку. Зьверху ўсё гэта засыпаецца дзёрнам,
і ляндшафт набывае новы выгляд. Паміж РЛСамі працягнутыя тысячы мэтраў
розных кабеляў, і пад імі трэба пракапаць, а то кіне нейкі дурань
бычок, сухінь загарыцца, а на ёй і кабелі, і тэхніка.
Але праз тыдзень-два трава прарастае зноў, таму працэдуру прыйдзецца паўтараць усё лета.
3 чэрвеня. Зноў у шпіталь
Камандзір задаволіў
мой рапарт і адправіў на медычнае абсьледаваньне і ваенна-ўрачэбную
камісію ў бабруйскі вайсковы шпіталь. Дактары мелі вызначыць ступень
маёй прыдатнасьці да войска. Мяне чакалі. Спачатку агледзеў дзяжурны
ўрач, потым лечачы. Доўга вырашалі, куды пакласьці. У рэшце рэшт, у
тэрапеўтычнае аддзяленьне. У палаце шэсць чалавек. Двое — унутраныя
войскі. Адзін адразу прадэманстраваў прыёмы, як іх вучаць разганяць
апазыцыю. У мяне ледзь не павылазілі вантробы. А другі аказаўся
эрудаваным, начытаным, шчоўкаў крыжаванкі, да таго ж захапляецца
беларускім паганствам. Адзін, які ляжаў з язвай, — з ракетных войскаў.
Праўда, як ён прызнаўся, ракета ў іх толькі адна, і то не зусім
рабочая. Яшчэ двое — транспартнікі з-пад Асіповічаў, мантажная рота. У
тым ліку Алесь Краўчэня — палітпрызыўнік з Баранавічаў, якога, роўна як
і мяне, Шылу ды Хведарука, забралі ў студзені. Алесь не марнуе працу,
піша вершы пра войска. Нам было пра што пагаварыць. Але на наступны
дзень Алеся раптоўна выпісалі.
Штодня ставілі адразу ў
некалькі нарадаў. Ва ўсім адзяленьні — шэсьць салдатаў тэрміновай
службы, астатнія кантрактнікі і адстаўнікі. Нарады, натуральна, не
такія жорсткія, як у падразьдзяленьнях — смецьце прыбраць, адказваць на
званкі, посуд памыць. Але нарад ёсьць нарад — лынды не паб’еш. На другі
дзень лячэньня аб’явілі вучэбна-баявую трывогу — прыехала нейкая дужа
важная праверка зь Менску. Мяне прызначылі дзяжурным па
падразьдзяленьню.
4 чэрвеня. Крыштальны сасуд
Шпіталь
разьмешчаны ў адным з будынкаў Бабруйскай крэпасьці, пабудаванай у
10-20-я гады ХІХ стагодзьдзя. Высокія столі, аркавыя праходы ствараюць
незвычайную атмасфэру даўніны. А дактары, мядсёстры і абслугоўваючы
персанал ствараюць камфортнае лячэньне для пацыентаў. Спачатку я здаў
усе магчымыя аналізы, потым прайшоў кансультацыі ва ўрачоў. Усё ідзе да
камісацыі. Некаторыя ўрачы, якія мяне глядзелі, зьдзіўляліся, якім
чынам я мог быць прызваны з такім здароўем.
Да беларускай мовы
ставяцца адзназначна станоўча. Пасьля абеду падсаджваюцца да мяне за
стол паварыхі і просяць: «Ну, пагавары з намі па-беларуску, калі
ласка».
У неўрапатоляга зайшла гаворка пра палітыку. Я яму
паспрабаваў патлумачыць, што ён мысьліць прапагандысцкімі штампамі. А
медсястра мяне абазвала палітычным сектантам і дадала: «А мне вообще
все равно».
Каля чарговага кабінету я заняў чаргу за адстаўным
генералам. Ён мяне пераконваў, што беларускае войска, як і беларуская
дзяржава, не маюць персьпектывы. Я даказваў адваротнае. Генерал мяне
«здаў» загадчыку адзьдзяленьня і я атрымаў заўвагу, нібыта хадзіў па
палатах і займаўся палітагітацыяй.
Лекаючы ўрач мяне
перасьцярог, каб я не хадзіў па шпіталю без дазволу, каб са мной нічога
не здарылася: «Мне приказано с тобой обращаться, как с хрустальным
сосудом. Ты же сам все понимаешь».
5 чэрвеня. Выпіска
Мяне абудзілі пасярод ціхай
гадзіны. Сказалі зьбіраць рэчы. Сказалі, што выпісваюць. Урачы і
афіцэр, які прыехаў мяне забіраць, разводзяць рукамі.
— Як так, абследаваньне не завершылася.
— Загад камандзіра.
Гэта
выпіска мне нагадала эпізод са студзеня, калі да мяне ў палату ў
Цэнтральны вайсковы шпіталь убіліся людзі ў цывільным, зьбілі і
«выпісалі». Гэтым разам я мог быць камісаваны. Прынамсі, усё да гэтага
ішло. Але ўмяшаліся звышсілы. А ім, як вядома, закон не пісаны.
7 чэрвеня. Вечарынка
Напярэдадні ў прыватным
доме побач з нашай часткай была вечарынка. Ці вяселле, ці нарадзіны —
не разабраць. І пілі, і гулялі. Сабакі брахалі на ўсю глотку. А потым
зацягнулі песьні. Ды якія песьні! «За туманом», «Зорка Венэра»,
некалькі народных. Я іх слухаў праз плот. Душа радавалася.
10 чэрвеня. БТ
Міхаіла Трысьценя —
карэспандэнта БТ — я памятаю па папярэдніх рэпартажах аб маім прызыве.
Звычайна ён робіць сюжэты для «Зоны Х», а радзей — для «Панарамы».
Здымачная група прыехала недзе па абедзе. Рабілі рэпартаж пра маю
службу і мой дзёньнік. Зампаліт правёў паказушны занятак па ідэялёгіі.
Задаваў салдатам пытаньні кшталту: «Назовите артикул № 28 Конституции
Республики Беларусь» альбо: «А вы знаете, что мы живем в Союзном
государстве?» і гэтак далей.
Я паказаў здымачнай групе нашыя
разьбітыя «вочкі», працякаючыя ўмывальнікі, лазьню, каб не было ілюзіяў
наконт бытавых умоваў салдатаў. Пыталі, ці лаюцца вайскоўцы матам, за
што я не люблю палітыку Лукашэнкі, чаму я пішу, што нас кормяць гнілой
бульбай і як праходзіць беларусізацыя войску. Узялі каментары ў
сержанта і нашага зампаліта. Як гэта будзе выглядаць, заключнае слова
скажа мантаж.
12 чэрвеня. Госьці
Нехта відавочна не хоча,
каб я працягваў весьці дзёньнік. Мне зноў і зноў пагражаюць
крымінальнай справай адразу па некалькіх артыкулах — абраза прэзідэнта,
ухіленьне ад вайсковай службы, невыкананьне загаду і разгалошваньне
дзяржаўных сакрэтаў. У кожнага, хто спрабуе мяне палохаць, я пытаюся:
«Дык я не маю права весьці дзёньнік?» Яны губляюцца. Гэта значыць, што
маю.
Спачатку прыехаў зампаліт заходняга аператыўна-тактычнага
камандаваньня ў званьні паўкоўніка. Гаварылі паўтары гадзіны. Пачалі з
майго дзёньніка, закончылі Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Назаўтра прыехалі
зь Міністэрства абароны падпалкоўнік і маёр. Напэўна, зь нейкага дужа
сакрэтнага ўпраўленьня, бо пасаромеліся прадставіцца. Паразмаўлялі.
Досыць інтэлігентныя афіцэры, пакінулі прыемнае ўражаньне.
Зрэшты,
я ўсё больш і больш пераконваюся, што чым вышэйшае вайсковае званьне,
тым больш адэкватны і разумны чалавек. Паабяцалі азнаёміць з загадам
міністра абароны, паводле якога я не маю права пісаць пра армію без
дазволу камандаваньня.
|