Расея можа прад'явіць афіцыйнаму Менску рэгрэсіўны пазоў у зьвязку зь няпоўнай аплатай газу ў першым квартале.
Пра гэта Інтэрфаксу заявіў дарадца па эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузьняцоў.
Ён патлумачыў, што расейскі бок можа падаць пазоў
у выпадку, калі органы фінкантролю Расеі прад'явяць “Газпрому”
прэтэнзіі адносна выручкі за газ, пастаўлены ў Беларусь у I квартале.
Дыплямат
нагадаў, што ў адпаведнасьці з вуснай дамовай кіраўнікоў дзьвюх
краінаў, Беларусь у I квартале 2009 году аплочвала газ з разьліку
сярэднегадавой цаны — каля 150 даляраў за тысячу кубамэтраў замест
кантрактнай цаны ў 210 даляраў. Аднак юрыдычна гэтыя дамоўленасьці не
былі аформленыя.
Андрэй Кузьняцоў нагадаў, што “Газпром”, каб
кампэнсаваць перавышэньне фактычнай цаны I квартала параўнальна зь
сярэднегадавой, авансам заплаціў 250 мільёнаў даляраў за транзыт газу
па тэрыторыі Беларусі. Гэтых сродкаў было дастаткова, каб пакрыць
перавышэньне цаны ў I і II кварталах адносна сярэднегадавой.
“Суб'екты
гаспадараньня павінны разабрацца з гэтай сытуацыяй. Тут няма ніякай
палітыкі, але ёсьць пытаньне павагі да заканадаўства адной і другой
краіны”, — сказаў спадар Кузьняцоў.