Увагу супрацоўнікаў спэцслужбаў
і спэцназаўцаў падчас акцыі “Чарнобыльскі шлях” прыцягнула асобная
калёна маладых людзей з барабанамі і чорнымі сьцяжкамі.
Твары
анархістаў былі схаваныя пад маскамі. Некаторыя зь іх нацягнулі
на галаву капюшоны.
Нават пасьля таго як анархісты вырашылі спыніць свой удзел у акцыі, іх суправаджалі групы спэцназаўцаў.
Анархісты
на сёньняшні дзень — самая закансьпіраваная арганізацыя моладзі. Сярод
іх шмат музыкаў, мастакоў, паэтаў. Анархісцкі рух вабіць людзей творчых
прафэсій.
У Беларусі анархісты заявілі пра сябе ў 90-я гады,
якраз тады, калі ўзьніклі моладзевыя арганізацыі, новыя палітычныя
партыі і рухі. 26 красавіка 2007 году падчас Чарнобыльскага шляху ўвагу
дзельнікаў акцыі прыцягнула калёна дэманстрантаў прыкладна з сотні
чалавек з анархісцкімі сьцягамі і барабанамі. Каля іх сабраўся натоўп
людзей, каб паслухаць дынамічны і рытмічны барабанны бой.
Лёзунгі
і плякаты анархістаў былі выкананыя на высокім мастацкім узроўні
і выбіваліся з агульнага тла простых надпісаў на белай тканіне.
На наступны год падчас Чарнобыльскага шляху на калёну анархістаў напалі невядомыя. Завязалася бойка.
Як
паведамілі прадстаўнікі анархісцкага руху, менавіта нэафашысты — іхнія
галоўныя ворагі. Яны імкнуцца даведацца, дзе жыве анархіст, і зьбіваюць
яго каля пад’езду ці нават на лесьвічнай пляцоўцы.
Гаворыць анархіст, які назваў сябе Панк Дусер:
“Даводзіцца
хавацца, праз інтэрнэт усё рабіць. На канцэрты часта прыходзяць людзі
ў цывільным. Назіраюць за тым, што адбываецца, пра што гавораць паміж
сабой у перапынках.
Такога чалавека пазнаць даволі лёгка.
Анархістаў у нас няшмат. Мы адзін аднаго даўно ведаем. Мы заўважылі,
што яны імкнуцца надаць сабе нейкае аблічча. Дзеля гэтага надзяюць
нейкія атрыбуты. Але яны ў гэтым дакладна не разьбіраюцца і часта
блытаюць атрыбутыку. Анархісты такога ніколі ня стануць сумяшчаць”.
Галоўныя лёзунгі анархістаў падчас Чарнобыльскага шляху — забарона будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Панк Дусер патлумачыў:
“Многія
людзі ўжо лічаць, што Чарнобыльскі шлях ператварыўся ў шпацыр дзеля
забавы. Шмат хто ўжо стаў забывацца пра праблему. Наша ідэя ў тым, што
не абавязкова будаваць АЭС, ёсьць альтэрнатыва”.
У арганізацыі
няма лідэраў. Анархісты звычайна дамаўляюцца паміж сабой, як сябе
паводзіць у той ці іншай сытуацыі. З боку можа падацца, што
ў арганізацыі моцная дысцыпліна.
Гаворыць анархіст па мянушцы Сільва:
“Папросту
кансьпірацыя. Дзеля чаго мы носім маскі? Каб КДБ нас не „запаліла“. Уся
дзяржаўная структура накіраваная на тое, каб расправіцца з тымі, хто
не такі, хто думае інакш… Даведваюцца адрасы, даюць „наводкі“,
і фашысты прыходзяць і зьбіваюць людзей.
Фашысты — гэта,
як правіла, „Дынама-Мінск“. Нібыта фанаты. Да гэтага яшчэ „Белая воля“.
Там няважна, голены ты ці няголены. Там ёсьць праслойка хаерхэдаў,
мэталісты. Яны называюць сябе „Белай воляй“, хоць яны
нацыянал-сацыялісты… Калі хлопцам цяжка чытаць кніжкі, дык пра што тут
казаць?
Дысцыпліна для нас — гэта сьвядомасьць чалавека. Лідэраў у нас няма, і вярбоўшчыкаў таксама”.
Спэцслужбы
традыцыйна аддаюць увагу моладзевым арганізацыям. Падчас апошняй акцыі,
калі анархісты вырашылі спыніць свой удзел з-за таго, што не жадаюць
ісьці тым маршрутам, які навязваюць ім улады, было бачна колькі
спэцназаўцаў і супрацоўнікаў КДБ знаходзяцца ў калёне дэманстрантаў.
Справа
ў тым, што калі анархісты спыніліся на вуліцы Якуба Коласа, а асноўная
калёна працягвала шэсьце па вуліцы Сурганава, дзясяткі людзей раптам
пайшлі адтуль назад. Высьветлілася, што гэтыя людзі ў цывільным
з рацыямі павінны былі суправаджаць анархістаў. Апэратары здымалі
апошніх анфас і ў профіль.
Чаму такую ўвагу аддаюць спэцслужбы анархісцкаму руху? Наконт гэтага выказаў сваю думку лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч:
“У нас
існуе шэраг моладзевых арганізацый, прадстаўнікі якіх не хаваюць сваіх
твараў. Яны з поўнай ахвотай даюць камэнтары, абсалютна адкрытыя
і публічныя людзі.
Прадстаўнікі спэцслужбаў займаюцца тым, што
па адным выхопліваюць моладзевых актывістаў, заводзяць супраць
іх крымінальныя справы, прэсінгуюць іх і іхных бацькоў. А анархісты
ня хочуць для сябе такіх праблемаў.
Чым больш яны хаваюць свае твары ад кадэбэшных апэратараў, тым больш яны прыцягваюць да сябе ўвагі з боку спэцслужбаў”.
Анархісты
кажуць, што не цікавяцца палітыкай, але асуджаюць разгон мірных
дэманстрацый, закрыцьцё недзяржаўных выданьняў, культывацыю
прафашысцкіх спартовых арганізацый і ўмяшаньне спэцслужбаў у прыватнае
жыцьцё грамадзянаў.