Кіраўнікі Беларусі і Расеі правялі
перамовы ў дзяржаўнай загараднай рэзыдэнцыі “Русь”, якая знаходзіцца
ў комплексе “Завідава” ў Цьвярской вобласьці.
На парадку дня было каля
20 пытаньняў, найперш эканамічнага характару. Візыт быў арганізаваны
на запрашэньне расейскага боку.
У Маскву Аляксандар Лукашэнка прыбыў напярэдадні разам з малодшым сынам Мікалаем. Ля трапа самалёта іх сустракалі дзяржсакратар “саюзнай дзяржавы” Павал Барадзін і беларускі пасол у Маскве Васіль Даўгалёў. Павал Барадзін асабіста павітаўся зь Мікалаем Лукашэнкам, які, аднак, падчас сёньняшніх перамоваў ня трапіў у тэлекамэры.
Аляксандар
Лукашэнка выказаў незадаволенасьць, што падпісаныя на Вышэйшым
дзяржсавеце “саюзнай дзяржавы” дамоўленасьці пакуль застаюцца толькі
на паперы. Маўляў, зноў “пачынаюць круціць-вярцець пасьля нашых
сустрэчаў”. Таксама Лукашэнка нагадаў Мядзьведзеву, што Беларусь
забясьпечвае працай у Расеі каля 10 мільёнаў чалавек.
“Я вам
удзячны, што мы сёньня сустракаемся, і мы насамрэч паглядзім на тыя
праблемы, па якіх мы прынялі рашэньні, як яны выконваюцца. Нашы
эканомікі, як і ў былыя часы, вельмі ўзаемазьвязаныя. І ніхто не
зьбіраецца іх разрываць.”
Паводле афіцыйных мэдыяў, кіраўнікі Беларусі і Расеі дэманстравалі “адсутнасьць сур’ёзных рознагалосьсяў”. Дзьмітры Мядзьведзеў
адзначыў, што набрана патрэбная частата сустрэчаў — “у мінулым годзе
сустракаліся 6 разоў, а сёлета гэта ўжо другая сустрэча”. Маўляў,
у лютым перамовы былі зьмястоўнымі, як ніколі за апошнія гады. Але
важна цяпер ператварыць тыя дамоўленасьці з папяровага варыянту
ў рэальныя кантракты і пастаўкі.
Перад адлётам Лукашэнкі ў Менск
Аляксандар Лукашэнка й Дзьмітры Мядзьведзеў прагуляліся па лесе ў
Завідаве. Паводле беларускага тэлебачаньня, тутэйшыя запаведныя лясы —
“самае чыстае месца на плянэце”.
Паводле
крыніцы ў беларускай дэлегацыі, афіцыйны Менск настойвае на роўных
умовах доступу на рынкі бакоў. Аднак нягледзячы на ўзгоднены
антыкрызісны плян, у Расеі дзяржаўную падтрымку, як і раней, маюць
толькі расейскія тавары. Беларускі бок прапанаваў сьпіс
з 15 прадпрыемстваў, якія неабходна ўключыць у расейскія схемы закупу
тавараў зь дзяржаўнай падтрымкай. Аднак Расея прапануе пакуль вызначыць
толькі чатыры. Чакаецца, што гэта будуць найбуйнейшыя беларускія
прадпрыемствы — менскія аўтамабільны і трактарны заводы, “Гомсельмаш”
і “Бабруйскаграмаш”.
Візыт адбываўся на запрашэньне расейскага боку. Паводле палітоляга Ігара Лялькова, гэта своеасаблівы выклік “на дыван”:
“Адна
з тэмаў, а можа, і галоўная, — гэта ўсё ж такі пытаньне далучэньня
Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Гэта такі важны геапалітычны крок
з боку Беларусі, які ў Расеі ня ўсімі вітаецца. Большая частка
расейскага істэблішмэнту глядзіць на гэта наўпрост варожа. Таму
я думаю, што гэта абавязкова мелася быць адной з тэмаў абмеркаваньня.
Якраз зараз маюць прымацца гэтыя асноўныя рашэньні, датычныя і ўдзелу
Лукашэнкі ў праскім саміце Ўсходняга партнэрства, і наагул далучэньня
Беларусі да гэтай праграмы. Ня выключана, што ў залежнасьці ад вынікаў
гэтай размовы будуць разьвівацца далейшыя эканамічныя і фінансавыя
стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй”.