У цэнтры ўвагі сэрбскіх СМІ – нечаканы зімовы
адпачынак беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі на гарналыжным курорце
Капаонік.
Многія выданьні падкрэсьліваюць: беларускі бок разьлічваў на
тое, што візыт будзе тайным, аднак гэтага не здарылася, дзякуючы
пільнасьці сэрбскіх журналістаў.
Візыт беларускага кіраўніка ў Сэрбію загадзя не
афішаваўся ані Менскам, ані Белградам. Нягледзячы на тое, што беларускі
лідэр пастаянна заяўляе пра сваю шчырую сымпатыю да сэрбскага народу і
ягонага кіраўніцтва. Прэзыдэнт Беларусі быў адным зь нямногіх
эўрапейскіх лідэраў, хто не падтрымаў незалежнасьці Косава і выказаў
салідарнасьць з імкненьнем сэрбаў адстойваць сувэрэнітэт і
тэрытарыяльную цэласнасьць.
Тым ня менш, пішуць выданьні, у часе
прылёту Лукашэнкі на ўзьлётнай паласе не было ні аркестра, ні
дзяржаўных сьцягоў. Паводле выданьня Press, беларускі кіраўнік
разьлічваў, што непрыкметна і ціха трапіць на адпачынак у Сэрбію, а
таму замест галоўнага сэрбскага аэрапорту “Нікола Тэсла”, куды звычайна
прыбываюць асобы такога рангу выбраў правінцыйны аэрадром “Канстанцін
Вялікі” у горадзе Ніш.
Журналісты выданьня "Вечернье новости" гутарылі з кіраўніцтвам гэтага аэрапорту. Дырэктар Драган Бугарынавіч
удакладніў, што зь Менску прыляцелі два самалёту. На “Boing 737-800”
быў беларускі кіраўнік. На іншай, меншай машыне "Embrajer" -- яго
сьвіта. Дзеці, унукі, іхныя нянькі, лекары, кухары, ахова ды іншы
пэрсанал. Паводле Бугарынавіча, гэта прыкладна, чалавек 40.
Раней сэрбскае выданьне Press,
а таксама шэраг іншых СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы называлі
больш высокую лічбу – да 150 чалавек. Тым часам у гатэлі Гранд, дзе
спынілася каманда беларускага прэзыдэнта, адмаўляюцца гаварыць, колькі
канкрэтна нумароў і апартамэнтаў займаюць беларускія госьці.
Паведамляецца, што спэцыяльна для высокіх гасьцей былі тэрмінова
вызваленыя нумары, дзе жылі іншыя пастаяльцы. Гэтых людзей перасялілі ў
астатнія гатэлі курорта.
Дарэчы, на чытацкіх форумах
інтэрнэт-сайтаў названых выданьняў ужо зьявіліся першыя камэнтары на
гэты конт. Сярод найбольш распаўсюджаных пытаньняў: хто аплачвае ўвесь
гэты адпачынак? Можа сэрбскі бок, які запрасіў усю гэту беларускую
каманду ў госьці?
Нягледзячы на пастаяннае прыкрыцьце высокага
беларускага госьця ягонымі ўласнымі целаахоўнікамі ды мясцовымі
ахоўнікамі, сэрбскім папарацы ўсё ж удалося выйсьці на сьлед і нават
сфатаграфаваць яго. Як падае выданьне Blic, Лукашэнка да вечару катаўся на лыжах пры дбайным наглядзе семярых целаахоўнікаў.
Паводле
кіраўніцтва кампаніі "МК Групп", якой сярод іншых належыць і гатэль
Гранд, Лукашэнка ведае пра гэту цікавасьць. Ня выключана, што ў пятніцу
ён правядзе прэсавую канфэрэнцыю ў гатэлі Гранд.
На пытаньне
карэспандэнта Радыё Свабода адносна магчымага нэгатыўнага адценьня
візыту палітыкаў такога кшталту, памочнік кіраўніка "МК Групп" Яраслаў Ступаўскі адказаў:
“Для нас ён такі ж дарагі госьць, як і іншыя. У нашым гатэлі няма палітыкі. У нас усе маюць статус гасьцей і VIP – гасьцей”.
Спадар
Ступаўскі ня ведае, ці адбудуцца ў беларускага кіраўніка нейкія
сустрэчы на вышэйшым узроўні, бо Лукашэнка “разам са сваёй сям’ёй,
сваімі сынамі” праводзіць прыватны сямейны адпачынак, акрамя таго ён
праводзіць час у плавальным басэйне ды на лыжах.