Учора Міністэрства юстыцыі Беларусі перадало афіцыйнае пасьведчаньне аб рэгістрацыі “Руху “За свабоду” яго заяўнікам.
Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч. Ён адзначыў, што рух зарэгістравалі толькі з чацьвёртай спробы.
Першы свой устаноўчы сход рух правёў яшчэ ў траўні
2007 году. Апошняе, чацьвёртае па ліку, рашэньне аб стварэньні
грамадзкай арганізацыі было прынятае 23 кастрычніка сёлета ў Магілёве
на ўстаноўчай канфэрэнцыі пры ўдзеле больш як 70 чалавек з розных
рэгіёнаў Беларусі. Канфэрэнцыя зацьвердзіла статут і сфармавала
кіроўчыя органы аб’яднаньня. Старшынём абраны Аляксандар Мілінкевіч. Яго намесьнікамі сталі Віктар Карняенка і Юрась Губарэвіч.
У інтэрвію “Свабодзе” Юрась Губарэвіч адзначыў:
“Атрымалася
зарэгістравацца толькі з чацьвёртай спробы. Але, на маю думку, нічога
дзіўнага ў самім факце рэгістрацыі няма. Таму што зь юрыдычнага пункту
гледжаньня тыя дакумэнты, якія мы падалі на рэгістрацыю, былі
бездакорныя.
На нашу думку, такая ж сытуацыя была і ў тры
мінулыя разы. Але сёньняшняя рэгістрацыя сьведчыць пра пэўныя зьмены
ў стаўленьні рэжыму да грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
Вельмі
б хацелася, каб факт рэгістрацыі “Руху “За свабоду” ня стаў
выключэньнем з агульных правілаў нерэгістрацыі. І каб рэгістрацыю
атрымалі ў найбліжэйшы час незалежныя і дэмакратычныя арганізацыі, якія
правялі свае ўстаноўчыя сходы і падалі адпаведныя дакумэнты
ў Міністэрства юстыцыі".