17 год таму,
11 сьнежня Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў палажэньне «Аб Дзяржаўным
бела-чырвона-белым сьцягу Рэспублікі Беларусь». Такім ён заставаўся да
рэфэрэндуму 1995 году.
Нягледзячы на тое, што
публічнае выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга сёньня лічыцца
забароненым, з пазнавальнай сымболікай віцебскія мінакі сустракаюцца
амаль штодня.
Пад бел-чырвона-белым парасонам мясцовы апазыцыянэр Барыс Хамайда распаўсюджвае незалежную прэсу каля так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна.
Спадар Хамайда гаворыць, што ў яго асаблівае стаўленьне да гэтых колераў і да нацыянальнага сьцяга.
—
Мне падабаецца гэты сьцяг. У маім уяўленьні гэта і ёсьць Беларусь. Калі
гэты сьцяг уздымаецца, у маім уяўленьні зьяўляюцца постаці Кастуся
Каліноўскага, Тадэвуша Касьцюшкі… І я лічу, што ў нашай краіне зьмены
могуць адбыцца толькі пад гэтым бел-чырвона-белым нацыянальным
беларускім сьцягам! І невыпадкова, я лічу, на Віцебшчыне зьявіўся
легендарны Мірон. Пасьля рэферэндуму 1995 году, калі нацыянальная
сымболіка была забаронена, менавіта гэты чалавек пачаў усталёўваць
бел-чырвона-белыя сьцягі на недасяжных кропках. Тады гэта было цяжка,
не было тканіны, даводзілася нават выкарыстоўваць прасьціны, фарбаваць
іх, каб зрабіць бел-чырвона-белы сьцяг, — згадвае Барыс Хамайда.
За больш
як 13 год дзейнасьці легендарнага Мірона ў Віцебску было вывешана
некалькі соцень сьцягоў самага рознага памеру і якасьці — ад невялікіх
да велізарных, даўжынёй аж да 5 мэтраў. І за гэта час бадай што кожны
жыхар гораду хаця б аднойчы бачыў, як бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны
кімсьці вельмі сьмелым і спрактыкаваным, лунае дзе-небудзь над дахам,
або на электрычных дратах.
(Спадар): Вельмі прыемна бачыць бел-чырвона-белы сьцяг, калі ён зьяўляецца ў горадзе. Бо гэта напамін аб вытоках нашай нацыі.
(Спадар):
Гэта сьцяг гістарычны. Таму ягонае зьяўленьне на дахах, на вежах,
на будынках не супярэчыць нічыім поглядам. А тое, што ён зьяўляецца
супраць волі ўладаў… дык улада ніколі не пагаджалася з тым, што асоба
мае права на ўласную думку і выказвае яе так, як яна хоча выказаць.
Мірон гэта робіць, вывешваючы сьцягі. Няхай і далей гэта робіць! Мне
гэты сьцяг нічым ня кепскі, наадварот!
(Спадарыня): Мірон сьмелы, моцны, і ўсё тое, што ён робіць, мне падабаецца. Я нават хацела б яму дапамагаць па меры магчымасьці…
(Спадар:) —
Гэта гістарычны сьцяг, а Беларусь — гэта ня нейкі там прыдатак Расеі.
Мы нацыя, у нас багатая гісторыя, і бел-чырвона-белы сьцяг — пра гэта
невялікі напамінак, хаця б для некаторых.
Віцебскія мінакі распавядалі пра сваё стаўленьне да дзейнасьці Мірона.
Але,
можа, мала хто ведае й памятае, што самы першы бел-чырвона-белы сьцяг
быў вывешаны ў Віцебску задоўга да таго, як ён быў прызнаны дзяржаўным
сымбалем. Пасьля паразы ўдзельнікаў жнівеньскага путчу 1991-га году яго
пашыла Алена Залеская. І некалькі гадзін ён лунаў над горадам.
—
Гэты сьцяг быў мэтраў пяць даўжынёй, і разьвіваўся на Ратушы. Гэта было
так прыгожа, проста не адарваць вачэй! Гэта быў самы першы
бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны ў Віцебску. Гэта быў знак свабоды —
гэты сьцяг. І цяпер для мяне ён — гэта ўвасабленьне свабоды, — кажа
Алена Залеская.