17 гадоў таму ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі
лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і
Леанід Краўчук падпісалі пагадненьне пра ўтварэньне Садружнасьці
Незалежных Дзяржаваў.
Савецкага Саюзу ня стала. Ці шкадуюць беларусы
пра развал некалі вялікай і магутнай дзяржавы? Сацыёлягі зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага
інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў падаюць
такія лічбы: калі 15 гадоў таму 55% былі за аднаўленьне СССР, а 22% --
супраць, то сёлета за аднаўленьне Савецкага Саюзу выступаюць 36%, 51%
-- супраць. Нават прадстаўнікі старэйшага пакаленьня разумеюць, што
аднаўленьне Саюзу нерэальна. Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян выказаў такое меркаваньне:
“Нябожчыка
нельга вярнуць да жыцьця, але можна на яго магіле збудаваць добры
помнік, і толькі. Шкадаваць, што няма Савецкага Саюзу – неразумна.
Трэба думаць аб тым, як будаваць новы саюзны будынак, як нам стварыць
новы саюз славянскіх народаў. Аб гэтым я думаю і працую над гэтай
праблемай. Будаваць новую саюзную дзяржаву трэба ня толькі з Расеяй,
але і з усёй Украінай і з усімі славянамі”.
Сяргей Касьцян
патлумачыў, што, натуральна, Юшчанка зь Цімашэнкай наўрад ці, а
ўкраінскі народ – за славянскае адзінства. І ня толькі ўкраінцы. Сяргей
Касьцян узгадаў:
“Яшчэ ў 1848 годзе на першым зьезьдзе славян
у Празе Францішак Палацкі, чэскі прафэсар, напісаў Канстытуцыю
фэдэральнай славянскай дзяржавы. Калі яе чытаеш, здаецца, што толькі
ўчора ён яе напісаў”.
І зноў зьвернемся да сацыялягічных
дасьледаваньняў. На пытаньне “Калі б вам давялося выбіраць паміж
аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз, што б вы абралі?” За
аб’яднаньне з Расеяй – 48%, за Эўразьвяз – 31%. Маладое пакаленьне
абірае Эўропу. Сябра “Эўрапейскай Беларусі” Паліна Кур’яновіч кажа:
“Яшчэ
са сваім выбарам Беларусь ня вызначылася. Яна мітусіцца – то ў Расею,
то ў Эўропу. Цяпер яна больш з Эўропай супрацоўнічае, але невядома, ці
надоўга гэта. Можа, Расея пальчыкам пакліча... Мы лічым, што Беларусь
павінна ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. З Расеяй – гэта не варыянт. З
Расеяй гэта будзе новы Савецкі Саюз. Калі ўступім у Расею – згубім
незалежнасьць. А Эўропа гарантуе і захаваньне незалежнасьці, і
цывілізацыю”.
Калі б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб уступленьні ў
Эўразьвяз, за прагаласавалі б 36% рэспандэнтаў НІСЭПД, супраць – 39%.
Ну а пра Савецкі Саюз маладое пакаленьне беларусаў ведае няшмат. Паліна
Кур’яновіч:
“Ой, ну, Савецкі Саюз, як мне мама расказвала, гэта
вечныя чэргі ў пустыя крамы. Ніхто з маіх знаёмых дарослых людзей ня
хочуць вярнуць Савецкі Саюз. У тым ліку, і мае бацькі. Канечне, былі
там і свае плюсы, але гэта такі мізэр у параўнаньні з усім астатнім”.
|