Чакаецца, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыляціць у Маскву для ўдзелу ў пахаваньні патрыярха Аляксія ІІ.
Пахаваньне патрыярха Аляксія ІІ адбудзецца 9 сьнежня. Інфармацыі аб
удзеле кіраўніка Беларусі ў пахаваньні ў прэзыдэнцкай прэс-службе
пакуль не падаюць.
Кіраўнік прэс-службы Маскоўскай патрыярхіі, сьвятар Уладзімір Вігілянскі сказаў:
“Я чуў тое, што ён возьме ўдзел. Я чуў пра тое, што ён меў намер быць на адпяваньні”.
Якія яшчэ кіраўнікі краінаў возьмуць удзел у цырымоніі?
“Цяпер удакладняецца гэтае пытаньне. І паводле папярэдніх зьвестак, возьмуць удзел яшчэ й іншыя кіраўнікі краінаў”.
Расейскі
прэзыдэнт выдаў указ аб адмене забаўляльных мерапрыемстваў і перадач у
дзень пахаваньня патрыярха Аляксія ІІ. Кіраўнік Беларусі выказаў
спачуваньні з нагоды сьмерці патрыярха, аднак аналягічнага ўказу ён не
падпісаў. Паводле палітоляга Ігара Лялькова, гэта цалкам нармальна:
“Патрыярх
Маскоўскі Аляксій ІІ усё ж ня быў дзяржаўным дзеячам Беларусі ці наогул
нейкім беларускім значным дзеячам. Усё ж Аляксій ёсьць грамадзянінам
іншай краіны. І тут гэта цалкам нармальна. Калі б Лукашэнка гэта
зрабіў, то гэта быў бы сыгнал, што ён хоча неяк дадаткова залагодзіць
Маскву”.
Ці ўдасца Аляксандру Лукашэнку скарыстаць паездку на
пахаваньне для перамоваў з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем
Мядзьведзевым? Нагадаем, што заплянаваны на 1 сьнежня візыт у Маскву
быў сарваны з-за спрэчак паміж Крамлём і афіцыйным Менскам адносна
парадку дня пасяджэньня “Вышэйшага дзяржсавету саюзу Беларусі і Расеі”.
Пакуль на інтэрнэт-сайце расейскага прэзыдэнта зьмешчана паведамленьне
пра афіцыйны візыт у Маскву прэзыдэнта Аргентыны. На 9 сьнежня
заплянаваныя расейска-аргентынскія перамовы. Інфармацыі адносна
плянаваных сустрэчаў з Аляксандрам Лукашэнкам няма.
Прэсавы
сакратар Паўла Барадзіна Іван Макушок паведаміў, што пасяджэньне
саюзнага савету міністраў заплянавана на другую палову сьнежня. А дата
пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету пакуль ня вызначана. Аднак, калі
Аляксандар Лукашэнка зьявіцца ў Маскве, то, паводле палітоляга Ігара
Лялькова, ён скарыстае магчымасьць пагаварыць з расейскім кіраўніцтвам:
“Лёс
даў Лукашэнку нейкі такі дадатковы шанец паразумецца з расейскім
кіраўніцтвам у зьвязку з пахаваньнем. Я думаю, размова, якая будзе,
гэта размова пра грошы, пра кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе.
Я ня думаю, што Лукашэнка яшчэ раз рызыкне падымаць вельмі далёкасяжныя
праекты, якія ён хацеў падняць 1 сьнежня. Будуць больш прыземленыя
размовы. Пра тое, што трэба Расеі зрабіць, каб эканамічны стан свайго
найбліжэйшага саюзьніка паспрабаваць хаця б мінімальна стабілізаваць”. Вядоўца.
10 сьнежня сынод Расейскай праваслаўнай царквы вызначыць дату памеснага
сабору, на якім будзе абраны 16-ы Маскоўскі патрыярх. Адзін з
патэнцыйных прэтэндэнтаў на гэтую пасаду – мітрапаліт Менскі і Слуцкі
Філарэт.
|