Беларусь можа ўзяць удзел у палітыцы Ўсходняга
партнэрства, калі будзе адпавядаць эўрапейскім стандартам.
Пра гэта учора на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі заявіла камісар Эўразьвязу па
зьнешняй палітыцы і Палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр.
2 сьнежня паслы Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі,
Грузіі, Малдовы і Ўкраіны сустрэліся ў Брусэлі з прадстаўнікамі
Эўракамісіі. Паводле спадарыні Вальднэр,
беларускія ўлады ўсьведамляюць, як шмат трэба зрабіць, каб стаць
паўнавартасным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, а
таксама новай узмоцненай палітыкі Ўсходняга партнэрства.
Эўракамісія
мае намер прапанаваць Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове
і Ўкраіне падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і стварэньне новай
эўрапейскай эканамічнай зоны. Пагадненьне прадугледжвае фармаваньне
адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага ўнутранага
рынку. У сваю чаргу, усе шэсьць краінаў павінны пераняць заканадаўчыя
акты ЭЗ і прызнаць вэрдыкты Эўрапейскага суду.
У пэрспэктыве
для грамадзянаў краін-удзельніц палітыкі Ўсходняга партнэрства
прапануецца адмена візавага рэжыму і стварэньне зоны свабоднага гандлю.
Распрацоўка праграмы Ўсходняга партнэрства была паскорана ў зьвязку з падзеямі на Каўказе.
Чакаецца,
што 11 сьнежня палітыка Ўсходняга партнэрства будзе ўхвалена на
эўрапейскім саміце кіраўнікоў краін ЭЗ. У чэрвені 2009 году чакаецца
ўстаноўчы саміт Усходняга партнэрства. Потым плянуецца праводзіць
рэгулярныя сустрэчы прадстаўнікоў ЭЗ і Ўсходняй Эўропы.
Бэніта
Фэрэра-Вальднэр заявіла, што калі ў красавіку 2009 году дзеяньне
візавых санкцый адносна беларускіх чыноўнікаў будзе паўторна прыпынена
ці зьнята, то кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку запросяць на саміт палітыкі Ўсходняга партнэрства.