Жнівень быў адметны
для Беларусі шэрагам падзеяў і зьяваў. З турмаў былі вызваленыя апошнія
палітвязьні, у тым ліку былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар
Казулін.
На Алімпіядзе ў Пэкіне беларуская каманда дасягнула найлепшых за гісторыю самастойных выступаў вынікаў.
А на жніве, паводле афіцыйных зьвестак, сабраны самы высокі ў гісторыі Беларусі ўраджай хлеба – канчатковая лічба можа наблізіцца да 9 мільёнаў тон.
20 жніўня з-за кратаў на волю выйшлі апошнія палітвязьні — Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Раней вызвалілі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.
“Вызваленьне гэтых грамадзянаў разам зь іншым дае нам надзею на будучыя
пазытыўныя крокі, прапановы рэальных магчымасьцяў істотнага паляпшэньня
ў стасунках паміж ЗША і Беларусьсю”, — гаворыцца ў заяве прэсавага
сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Робэрта Вуда.
ЗША
чакаюць новых крокаў да паляпшэньня стасункаў, заявіў у часе свайго
візыту ў Менск памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы
і Эўразіі Дэвід Мэркель. Спадар Дэвід Мэркель правёў шэраг сустрэчаў: зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Пяткевіч, старшынёй Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, кіраўніком місіі назіральнікаў АБСЭ Гертам Арэнсам і амбасадарамі краінаў Эўразьвязу.
Самая пасьпяховая алімпіяда
Алімпійская
зборная Беларусі прывезла з Пэкіну 19 мэдалёў: чатыры залатыя, пяць
срэбных, дзесяць бронзавых. Паводле колькасьці мэдалёў гэта самая
ўдалая Алімпіяда за ўвесь час, як Беларусь выступае самастойнай
камандай.
Алімпійскія мэдалі незалежнай Беларусі
Самы высокі ўраджай
У
Беларусі амаль скончаная ўборка ўраджаю. Сабрана 8 мільёнаў 480 тысяч
тонаў збожжа — гэта на 1 мільён 656 тысяч тонаў болей, чым летась,
паведамілі БелТА ў галоўным упраўленьні расьлінагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.
Сярэдняя
ўраджайнасьць — 38,8 цэнтнэра на гектар, што на 8 цэнтнэраў болей, чым
летась. Самая высокая ўраджайнасьць — у Гарадзенскай вобласьці: 50,4
ц/га. Гэта на 13,6 цэнтнэра больш за леташнія паказьнікі.
Збор збожжа і зернебабовых
Дадзеныя 2008 году – паводле стану на 21 жніўня. Прыбрана 92% плошчаў. Крыніца: БелТА
Ураджайнасьць збожжавых
Дадзеныя 2008 году – паводле стану на 21 жніўня. Крыніца: БелТА