11-ты дзень алімпійскіх спаборніцтваў нарэшце стаў шчасьлівым для зборнай Беларусі.
Адзін з самых маладых удзельнікаў беларускай каманды, 20-гадовы штангіст з Барысава Андрэй Арамнаў ня толькі заваяваў залаты мэдаль, але і ўсталяваў тры сусьветныя рэкорды. А вось ці не галоўнае залатое спадзяваньне зборнай Беларусі, вэлягоншчыца Натальля Цылінская,
апынулася па-за бортам Алімпіяды: у двух чвэрцьфінальных заездах
чэмпіёнка сьвету прайграла кітайскай суперніцы. Не пацьвердзіла свайго
алімпійскага клясу і кідальніца дыску Эліна Зьверава, якая фінішавала толькі шостай.
Цяжкаатлет
Андрэй Арамнаў у вагавай катэгорыі да 105 кіляграмаў першым заваяваў
золата для Беларусі на Алімпіядзе ў Пэкіне. Стаўкі на Арамнава рабіліся
досыць асьцярожныя, бо досьведу выступаў такога рангу ў актыве
спартоўца яшчэ няшмат. Аднак, як расказаў праз тэлефон з Пэкіну галоўны
трэнэр цяжкаатлетычнай зборнай Беларусі Аляксандар Ганчароў,
задача-максымум, пастаўленая перад ягонымі выхаванцамі, выкананая.
Нагадаю, што некалькі дзён таму срэбра ў скарбонку беларусаў паклаў
яшчэ адзін штангіст, Андрэй Рыбакоў:
“Настрой,
як вы здагадаліся, у мяне цудоўны. Справа ў тым, што каманда выканала
ўсе задачы, якія былі перад ёй пастаўленыя. Усе хлопцы, якіх я назваў,
усе цудоўна спрацавалі. Тым больш што Арамнаў скончыў выступы,
усталяваўшы тры рэкорды сьвету, зь вялікім адрывам у 13 кіляграмаў
выйграўшы ў расейскага спартоўца. Таму што я магу сказаць? Наша
каманда, мы ўсе зрабілі ўсё, што маглі. Таму я вельмі ганаруся сваімі
хлопцамі, я вельмі рады за сваю краіну, за наш від спорту. Я ганаруся і
перапоўнены пачуцьцём задавальненьня і ўсяго на сьвеце. Дзеля такіх
момантаў варта жыць”.
Цяпер у актыве беларусаў 11 мэдалёў —
адзін залаты, тры срэбныя і сем бронзавых. Дзякуючы ўзнагародзе
найвышэйшай вартасьці беларускія пазыцыі істотна палепшыліся, і зь
пятага дзясятку ў агульным раскладзе Беларусь пасунулася на 28 месца.
Сёньня
мэдалёвая скарбонка магла істотна папоўніцца, аднак ня спраўдзілі
чаканьняў куды больш дасьведчаныя за Арамнава майстры. Так і не
скарылася Алімпіяда васьміразовай чэмпіёнцы сьвету Натальлі Цылінскай,
якая ўзяла практычна ўсе тытулы ў вэлятрэку. Сёньня яна прайграла
кітайскай спартоўцы, а напярэдадні зь вялікай цяжкасьцю трапіла ў
чвэрцьфінал.
Па-за п'едэсталам апынулася і алімпійская чэмпіёнка
2000 году ў кіданьні дыску Эліна Зьверава. Яна заняла шостую пазыцыю,
яе калега Ірына Ятчанка спынілася на 11-м месцы.
Вядомая
беларуская гімнастка Тацяна Трафімовіч, жонка трохразовага алімпійскага
чэмпіёна ў веславаньні Ўладзімера Парфяновіча, была ў эскорце
факеланосца Аляксандра Мядзьведзя на адкрыцьці спаборніцтваў у Менску ў
рамках Алімпіяды-1980. Цяпер спадарыня Тацяна кіруе гімнастычнай школай
і ў першую чаргу перажывае не за гімнастак, а за баскетбалістак і трэнэра Анатоля Буяльскага:
“Я
жадаю ім мэдаля. Вядома, гэта вышэй галавы, можа нават, вышэй трох
галоваў, але шчыра за іх перажываю. Я добра ведаю трэнэра, ягоная дачка
трэніруецца ў нашай школе. Мы шмат размаўлялі, калі ён прыводзіў дачку.
І мне здаецца, што дзяўчаты ў яго проста закаханыя, па-чалавечы вельмі
цёпла ставяцца. Калі глядзіш на іх калектыў нават збоку, назіраеш па
тэлебачаньні, — у іх такія вочы, што яны яму вераць. Ён верыць у іх,
яны ў яго. І ў выніку вось такога сымбіёзу ўсё само па сабе супала. Я
ўпэўненая, што ён вельмі прафэсійны трэнэр і вельмі прыстойны ў
адносінах да дзяўчат. І гэта яны цэняць, паважаюць яго за гэта. Таму
гатовыя на ўсё. Малайцы!”
Тацяна Трафімовіч прызнаецца, што ня мае асаблівых спадзяваньняў на апошні тыдзень знаходжаньня беларусаў у Пэкіне:
“Не
хачу нават гаварыць. Па спартовай гімнастыцы ў нас жа застаўся толькі
парны скачок, дай Божа хлопцу ўдачы. Наконт мастацкай гімнастыкі не
хачу нічога казаць, як ёсьць, так і будзе. Таму што на нябёсах усё ўжо
вядома. Увогуле я перажывала за Кацю Карстэн і вельмі ёй спачуваю. Але ўсё роўна яна малайчына. За Івана Ціхана
таксама вельмі перажывала, кажуць, што вельмі прыстойны чалавек, ён мне
вельмі імпануе, і я яму, можна сказаць, сымпатызую. За яго душа таксама
балела”.
Сёньня адзіны прадстаўнік Беларусі ў спартовай гімнастыцы, Дзьмітры Касьпяровіч, у апорным скачку заняў шостае месца. Апроч таго, скакун Дзьмітры Платніцкі ня здолеў прайсьці кваліфікацыю ў патройным скачку, спыніўшыся на 22-й пазыцыі. А лёгкаатлет Максім Лынша не прабіўся ў наступны раўнд спаборніцтваў на дыстанцыі 110 мэтраў з бар'ерамі пасьля першых забегаў.
Пэўныя алімпійскія пэрспэктывы застаюцца ў канаістаў — беларускі экіпаж у складзе братоў Аляксандра і Андрэя Багдановічаў трапіў у фінал з найлепшым часам. Цяпер засталося паўтарыць такі ж вынік у асноўным заплыве. Яшчэ ў фінальную частку трапілі Аляксандар Жукоўскі на каноэ-адзіночцы, а таксама беларуская чацьвёрка.