Грузія: пагадненьне падпісана, канфлікт ня скончаны
07:19
Прэзыдэнт Расеі падпісаў пагадненьне аб
урэгуляваньні сытуацыі ў Грузіі. Прэзыдэнт ЗША выступіў з крытыкай
расейскай палітыкі ў рэгіёне.
Тым часам Грузія абвінавачвае расейскія войскі ў падрыве чыгуначнага маста каля Тбілісі.
Сёньня Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў пагадненьне аб урэгуляваньні ў Грузіі. Гэты дакумэнт быў падтрыманы Эўразьвязам.
Раней яго падпісалі прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі і лідэры непрызнаных рэспублік Паўднёвая Асэтыя і Абхазія Эдуард Какойты і Сяргей Багапш.
Плян акрамя спыненьня агню і адвода войскаў на даваенныя пазыцыі
прадугледжвае пачатак міжнародных перамоваў наконт статусу
сэпаратысцкіх аўтаномій Грузіі.
Сёньня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш
выступіў з рэзкай крытыкай паводзінаў Расеі і падтрымкай грузінскага
ўраду. Ён назваў дзеяньні Расеі ў Грузіі “цалкам недапушчальнымі для
свабодных нацый сьвету”. Ён таксама заявіў:
“ЗША і нашы
саюзьнікі – разам з народам Грузіі і яе дэмакратычна абраным урадам. Мы
настойваем на тым, што сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць Грузіі
павінны паважацца. І Масква павінна выканаць свой абавязак, які яна
ўзяла на сябе, вывесьці свае сілы ўварваньня з усёй грузінскай
тэрыторыі”.
Сёньня прэзыдэнт ЗША праводзіць тэленараду з
дзяржсакратаром Райс і міністрам абароны Гейтсам. Чакаецца, што ў гэтыя
выходныя Рада бясьпекі ААН будзе галасаваць за пагадненьне аб
ўрэгуляваньні, падпісанае варагуючымі бакамі.
Тым часам Грузія
абвінаваціла расейскія войскі ў падрыве чыгуначнага маста ў горадзе
Касьпі, што перарвала сувязь паміж захадам і ўсходам Грузіі. Масква
адхіляе гэтае абвінавачваньне. Паводле інфармацыйных агенцтваў,
расейскія войскі застаюцца ў грузінскіх гарадах Горы, на мяжы з Асэтыяй, у порце Поці, і ў горадзе Сэнакі на мяжы з Абхазіяй.