Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы
Беларусь Аляксандар Сурыкаў выказаў неразуменьне ў сувязі са стрыманай
пазыцыяй беларускіх уладаў у адносінах да падзеяў у Паўднёвай Асэтыі, а
таксама з тым, што Беларусь не прапанавала гуманітарную дапамогу.
На прэсавай канфэрэнцыі ў расейскай амбасадзе, якая была цалкам прысьвечаная падзеям у Паўднёвай Асэтыі, Аляксандар Сурыкаў
распавёў пра гісторыю гэтага канфлікту, пачынаючы ад 20-х гадоў
мінулага стагодзьдзя і выступіў з крытыкай пазыцыі беларускіх уладаў:
“Нам
вельмі незразумела, што дзяржаўныя ўлады, органы Беларусі захоўваюць
такое “сьціпла маўклівае маўчаньне”, сьціплае вельмі... Праўда,
другарадны чыноўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі выказаў
заклапочанасьць у сувязі з падзеямі ў Паўднёвай Асэтыі, але другой
ступені. А кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі ў сёньняшняй інтэрнэт-газэце
“ёрнічае” наконт расейскага боку, што яны, маўляў, нічога ня могуць, не
блякавалі з мора, ня ўдарылі па вузлах сувязі і гэтак далей... Навошта
ёрнічаць? Гэта бяда многіх людзей”.
Спадар Сурыкаў меў на ўвазе артыкул А. Зімоўскага і інтэрнэт-газэце “Беларускія навіны”.
Што
да пазыцыі Расейскай Фэдэрацыі, то ў выпадку непрыемнасьцяў для
Беларусі, яна заўсёды падтрымлівае сваю саюзьніцу ў міжнародных
арганізацыях, падкрэсьліў спадар Сурыкаў:
“Калі ўводзяцца
эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, Расея заўсёды выступае іх
праціўнікам; калі міжнародныя арганізацыі з ініцыятывы некаторых
краінаў пачынаюць абмяркоўваць правы беларускіх грамадзянаў,
адсутнасьць правоў чалавека ў Беларусі, мы падтрымліваем заўсёды
Беларусь і абараняем гучна, як і павінна быць. А гэтае сьціплае
маўчаньне нас азадачвае. Мы думалі, што дакладней трэба выказвацца па
пытаньнях, якія відавочныя і зразумелыя, тым больш, саюзьнікам”.
Амбасадар
нагадаў, што Беларусь і Расея будуюць "саюзную дзяржаву". Такім чынам,
“грамадзяне Расеі, якія трапілі ў гуманітарную катастрофу, яны ж
некаторым чынам і грамадзяне Беларусі”.
У той жа час спадар
Сурыкаў разумее, што хоць насамрэч Беларусь і Расея — саюзная дзяржава,
юрыдычна яна яшчэ не аформленая, і Канстытуцыя Беларусі забараняе
выкарыстаньне войскаў за межамі краіны. Краіну-саюзьніцу ён упікнуў:
“Але гуманітарны складнік мог бы і прысутнічаць зь беларускага боку”.
Пад крытыку расейскага амбасадара патрапіла і яшчэ адна краіна СНД:
“У
нас ёсьць разыходжаньні з украінскім бокам. Гэта ГУАМ — Украіна,
Узбэкістан, Грузія, Малдова. І мы выказвалі сваю заклапочанасьць у
сувязі з продажам Украінай зброі Грузіі. У тым ліку адзін з тарпэдных
катэраў, які быў патоплены на марскім узьбярэжжы Абхазіі — гэта ж
украінскі. Хацелася б, каб у межах СНД гэта быў першы і апошні
выпадак”.
Расейскі амбасадар заявіў, што Расея будзе ставіць пытаньне аб адказнасьці грузінскага лідэра перад міжнароднай супольнасьцю:
“Людзей,
якія прымаюць такія агрэсіўныя, непрадуманыя рашэньні, трэба абавязкова
абрываць. Мы не за тое, каб зьняць Саакашвілі, ня весьці зь ім перамовы
— гэта справа народу Грузіі, яны яго абралі і разьбяруцца. Але
міжнародная супольнасьць такія дзеяньні лідэраў і такія ўчынкі павінна
асуджаць”.