Учора прадстаўнікі турэцкай кампаніі падпісалі дамову аб набыцьці 80% акцый “БеСТ”у за 600 мільёнаў даляраў.
Найбуйнейшы турэцкі апэратар сотавай сувязі
набывае 80% акцый, 20% застаюцца беларускаму боку. Дамова аб гэтым была
падпісаная ў Менску 29 ліпеня ва ўрадзе Беларусі.
Паводле
афіцыйных крыніц, аплата будзе праводзіцца ў тры этапы: 300 мільёнаў
даляраў будзе заплачана ў дзень заканчэньня ўгоды, гэта значыць праз
трыццаць дзён з дня падпісаньня дамовы, а дадатковыя плацяжы па 100
мільёнаў даляраў будуць рэалізаваныя 31 сьнежня 2009 і 2010 гг. Яшчэ
адна выплата ў 100 мільёнаў даляраў будзе рэалізаваная пасьля
атрыманьня кампаніяй “БеСТ” станоўчага гадавога даходу. Акрамя таго,
паводле старшыні дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Мікалая
Азаматава, “Turkcell” мае намер дадаткова інвэставаць 400 мільёнаў
даляраў у разьвіцьцё сеткі.
“Мы прыйшлі ў Беларусь для таго,
каб інвэставаць... Мы хацелі б зрабіць з “БеСТ”у адну з найлепшых
кампаній сьвету”, сказаў генэральны дырэктар кампаніі “Turkcell” Мэхмэт
Сюрая Джыліў.
“Turkcell” зьяўляецца вядучым GSM-апэратарам
Турэччыны, дзе налічвае 35 мільёнаў абанэнтаў і займае 57% рынку.
Кампанія мае долю ў апэратарах мабільнай сувязі ў Азэрбайджане, Грузіі,
Казахстане, Малдове, Украіне і на поўначы Кіпру.