На мінулым тыдні сярэднія школы атрымалі новыя навучальныя пляны.
Зараз кіраўніцтва бальшыні школ падлічвае колькасьць гадзінаў,
разьмяркоўвае нагрузкі. Ці будуць масавыя скарачэньні настаўнікаў?
І ў настаўнікаў, і ў чыноўнікаў Міністэрства
адукацыі — разгар адпачынкаў. Але жарсьці вакол школьнай рэформы
працягваюцца — з-за скасаваньня некаторых школьных дысцыплін,
скарачэньня колькасьці гадзінаў на вывучэньне прадметаў і пераходу з
12-годкі на 11-годку. Начальнік упраўленьня сярэдняй адукацыі
Міністэрства адукацыі ў адпачынку, а ягоная намесьніца аказалася
нешматслоўнай:
“Я не магу камэнтаваць, пакуль мне ня дасьць
дазвол кіраўніцтва. Спадар Фарына дасьць дабро, тады я змагу нешта
сказаць. Усе камэнтары толькі зь ягонага дазволу. Зразумейце, я чалавек
дзяржаўны”.
Настаўніца геаграфіі зь Менску, якая працуе ў школе
з эканамічным ухілам, пацьвердзіла, што новыя навучальныя праграмы і
пляны яе школа атрымала, але пераказала занепакоенасьць сваіх калег:
“І
зараз каб мы карціну бачылі — яснасьці да канца няма. Зараз у нас ня
будзе ні матэматычных, ні фізычных, ніякіх іншых клясаў. Па геаграфіі,
да прыкладу, у кожнай паралелі было дзьве гадзіны на тыдзень. Зараз
будзе адна гадзіна. Адзін настаўнік аказваецца лішнім. Сьпеваў ня будзе
— настаўнік не патрэбны. Мастацкую культуру прыбралі, прадмет “Чалавек,
грамадзтва, дзяржава” таксама прыбралі, па профільных — матэматыцы і
ангельскай мове — таксама настаўнікаў скарачаюць. Па нашай школе толькі
каля 20 чалавек”.
Дырэктар былой спэцыялізаванай, а цяпер
звычайнай сярэдняй школы № 19 у Менску Георгі Ляховіч паведаміў, што
кіраўніцтва ўжо ўсё пралічыла:
“Скарачэньня настаўнікаў у нашай
школе ня будзе. У нас была школа з матэматычным ухілам. Зараз гэты ўхіл
ужо адмяняецца. Клясы з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі стануць
звычайнымі клясамі. Але што станоўчае: дадаецца шмат гадзін на школьны
кампанэнт. Гэта факультатывы. Ёсьць зацікаўленыя, здольныя дзеці —
настаўнік можа займацца зь пяцьцю дзецьмі вельмі шпаркімі тэмпамі. Ня
так, як раней: кляса — 25 чалавек. Зараз ёсьць 5 чалавек, заявы ад
бацькоў ёсьць — і мы адкрываем гэтую групу. Калі мы ўсё пралічылі, то
пытаньняў і скарачэньняў у нас няма”.
Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка перакананы:
“Скарачэньні
будуць, прычым скарачэньні значныя. Яны тычацца ня толькі беларускай
мовы і літаратуры, гісторыі, колькасьць гадзін на якія скарачаецца, а
таксама ўсясьветнай і айчыннай мастацкай культуры — такога прадмету
наагул ня будзе. Скарачэньні тычацца ледзь ня ўсіх спэцыяльнасьцяў —
розныя профілі са школ выкідаюцца, замежныя мовы, фізыка, матэматыка.
Паўсюль будуць значныя скарачэньні”.