Прадстаўнікі апазыцыі заклікалі да незалежнага грамадзкага
расьледаваньня інцыдэнту, які здарыўся ў Менску 4 ліпеня. У шпіталях
застаюцца каля 40 пацярпелых ад выбуху.
Сёньня пад час наведваньня імпрэзы на “Лініі Сталіна”Аляксандар Лукашэнка заявіў,
што выбух пад час канцэрту 4 ліпеня ня быў скіраваны супраць яго. ”Для
іх гэта было б добра, дастаць прэзыдэнта, але ж яго ахоўваюць”, -
сказаў кіраўнік Беларусі. Ён адзначыў, што знаходзіўся праз дарогу і
наўрад ці мог пацярпець. А.Лукашэнка заявіў: ”Хочаце ваяваць – рабіце
гэта лоб у лоб”. Камэнтуючы выказваньні апазыцыйных палітыкаў, якія
засьцераглі ўлады ад выкарыстаньня выбуху дзеля новай хвалі барацьбы з
палітычнымі апанэнтамі, А.Лукашэнка заявіў:
“Што
тычыцца закручваньня гаек. А навошта нам сёньня нешта закручваць? Што
такое адбылося ў краіне, каб закручваць гайкі? Я разумею, на злодзеі і
шапка гарыць, таму пачалі хуценька некаторыя палітыкі займацца
перапеўкамі. Але ў гэтым выпадку, гэта хоць і пытаньне палітычнае, але
разьбірацца мы будзем па законе. Ня важна, хто гэта будзе: лідэры, ня
лідэры, значныя яны для Захаду ці для Ўсходу... Гайкі мы будзем
заварочваць на галовах у тых, хто да гэтага мае дачыненьне”.
Ён
заявіў, што ніякія правакацыі не дапамогуць сапсаваць сьвята, нават
калі яно некаму не падабаецца. Маўляў, у краіне “ёсьць людзі, якім
сьвята не падабаецца, і іх ведаюць у твар”. Лукашэнка таксама сказаў,
што не пакінуў канцэрт пасьля выбуху, каб не пачалася паніка.
Прадстаўнікі апазыцыі заклікалі да незалежнага грамадзкага расьсьледаваньня абставінаў выбуху. Юрыст Ігар Рынкевіч сказаў:
“Падзеі
з выбухам, ужо бачна паводле камэнтароў спадара Лукашэнкі, будуць
скіраваны на апазыцыю. Таму вырашана арганізаваць незалежнае,
грамадзкае расьсьледаваньне. Мы бачым тут пэўныя паралелі з выпадкамі,
якія мелі месца ў верасьні 2005 года. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў
гэтыя выбухі былі, што дало глебу для ўзмацненьня крымінальнага
заканадаўства. У кватэрах апазыцыянэраў шукалі выбуховыя кампанэнты.
Віцебскіх злачынцаў дагэтуль не знайшлі”.
Камэнтуючы дзеяньні сілавых структураў і тое, што канцэрт працягваўся, нягледзячы на выбух, юрыст Алег Воўчак мяркуе, што тут ёсьць пытаньні да міністра ўнутраных справаў:
“Пасьля
“жывога шчыта” і цяпер відавочна, што МУС вельмі многа траціць
намаганьняў на барацьбу з апазыцыяй, а не на меры бясьпекі
насельніцтва. І яны павінна задумацца, як наступны раз праводзіць такія
сьвяты. Бо гэта мінус усёй міліцыі, усёй праваахоўнай сыстэме, якія
дапусьцілі такія выбухі ў цэнтры горада”.
![](http://gdb.rferl.org/D5804F02-03D8-4167-91C8-278BFD429E7E_w203_s.jpg) Віктар Сірэнка
У менскіх лякарнях застаюцца 40 пацярпелых ад выбуху. Галоўны доктар менскага шпіталю хуткай дапамогі Віктар Сірэнка сказаў, што ў ягоным шпіталі знаходзяцца чацьвёра пацярпелых. Стан аднаго з параненых цяжкі, але стабільны.
“Гэта
хлопчык 18-ці гадоў. Ён атрымаў раненьне, якое пранікае ў брушную
поласьць з пашкоджаньнем печані. І ранячы снарад знаходзіўся каля
ніжняй полай вены. Мы выявілі, што там назіраецца прарыў гэтай вены.
Пайшлі на апэрацыю. Таму ён знаходзіцца ў цяжкім стане. Але ён пры
сьвядомасьці, дыханьне падтрымліваецца апаратам.
Характар зраненьня адзін – гэта мінна-выбуховае зраненьне. Мінна-выбуховая траўма адносіцца заўсёды да катэгорыі цяжкіх”.
|