Сёння ў Брэсцкай крэпасьці адбудзецца першая
сустрэча расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева і кіраўніка
Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Чакаецца, што бакі абмяркуюць пытаньне паставак расейскага газу ў Беларусь.
Пра
візыт у Беларусь абодва кіраўнікі дамовіліся пад час тэлефоннай размовы
10 чэрвеня пасьля саміту СНД у Пецярбурзе. На гэтым саміце Дзьмітры
Мядзьведзеў правёў двухбаковыя перамовы зь лідэрамі дзевяці краінаў
садружнасьці. Не было сустрэчы з прэзыдэнтам Казахстану, бо напярэдадні
расейскі прэзыдэнт зрабіў свой першы замежны візыт у Астану. Таксама
Дзьмітры Мядзьведзеў не сустрэўся з А.Лукашэнкам.
Нагодай для
першага прыезду ў Беларусь і першай сустрэчы з кіраўніком краіны стане
“дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны”. Чакаецца,
што Мядзьведзеў прыедзе не раніцай, калі пачнецца мітынг-рэквіем, а
днём.
Пад
час сустрэчы ў Берасьці кіраўнікі Беларусі і Расеі закрануць пытаньні
паставак расейскага газу, фармаваньня агульнай эканамічнай і мытнай
прасторы. Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў сказаў:
“З
другога боку, мы тут у Маскве цудоўна разумеем, што Аляксандар
Лукашэнка шукае нагоду ці магчымасьць зламаць маладога расейскага
прэзыдэнта. І атачэньне Лукашэнкі яго пад’юджвае, што ён гэтага
хлопчыка, Мядзьведзева, зламае. Ня ведаю. Трэба ўлічваць, што Лукашэнка
цяпер адзін з самых старых і вопытных прэзыдэнтаў на постсавецкай
прасторы. Таму сустрэча будзе вельмі цікавая”.
Паводле кіраўніка цэнтра Мізэсу Яраслава Раманчука, Мядзьведзеў хоча сваім прыездам у крэпасьць зазначыць, што ён даражыць мінулым, якое аб’ядноўвае краіны.
“Гэта
будзе такі візыт чыста дыпляматычны, гістарычны. Ён будзе нацэлены на
мінулае, а не на будучыню. Калі Мядзьведзеў пачаў бы гаварыць пра газ,
то галовы нашых людзей, адміністрацыі вельмі моцна б папрацавалі. І
казалі б – вось тады на нас напалі немцы, а сёньня нападае “Газпром”.
Таму, я думаю, Крэмль будзе рабіць усё, каб гэта быў проста рытуальны,
дыпляматычны візыт. А размовы пра газ, энэрганосьбіты, пра
прадпрыемствы і банкі яны пакінуць на тэхнічныя перамовы, якія вядзе
Пуцін, а не Мядзьведзеў”.
Пад
час нядаўняй прэс-канфэрэнцыі расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў
заявіў, што кошт расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа
скласьці 200 даляраў за тысячу кубамэтраў альбо “крыху вышэй гэтай
лічбы, гледзячы па тым, як складваецца сытуацыя”. Афіцыйны Менск заклаў
у праект бюджэту цану на газ прыкладна ў 140 даляраў і разьлічвае яшчэ
на адзін расейскі крэдыт у 2 мільярдаў даляраў.
Яраслаў Раманчук сказаў:
“Сёньня
Расея робіць сваё, і яе задача – каб Лукашэнку не спужаць экспансіяй
расейскага капіталу, каб дабіцца сытуацыі, калі акрамя нафта-газавай
залежнасьці зьявіцца яшчэ моцная фінансавая залежнасьць ад Расеі”.